Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей і Ялцінскі гісторыка-літаратурны музей падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. Гэта адбылося ў межах Дзён Крыма, якія праходзяць у Мінску, Гродне і Іўі, паведамляе «Радыё Свабода».

«Планы ў нас заўсёды будуць адныя. Гэта, па-першае, абмен інфармацыяй, пажадана правядзенне нейкіх агульных мерапрыемстваў, пачынаючы ад археалагічных раскопак ці экспедыцый. Ну і правядзенне канферэнцый, і, вядома, па магчымасці абмен выставамі», — працытаваў тэлеканал «Крым 24» дырэктара гродзенскага музея Юрыя Кітурку.

Паводле яго слоў, супрацоўнікі музеяў абмяркуюць дэталі супрацоўніцтва і ўключаць іх у свае планы на наступны год.

На сайце Міністэрства культуры акупаванага Расіяй Крыма адзначаецца, што на працягу апошніх некалькіх дзён «установы культуры Крыма і Беларусі падпісалі шэраг дамоваў аб супрацоўніцтве і перспектывах рэалізацыі сумесных праектаў, у тым ліку музеі, бібліятэкі, тэатры і філармоніі. А ў межах візіту намечаны планы ў сферы захавання культурнай спадчыны, развіцця культуры, мастацтва, адукацыйнай і навуковай дзейнасці».

Беларусь пачала ўмацоўваць кантакты з анексаваным Расіяй Крымам пасля расійскага поўнамаштабнага ваеннага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе.

Дарэчы, з анексаваным Крымам пагадненняў у Гродзенскай вобласці яшчэ не было. Аднак мясцовая ўлада плануе іх падпісанне. Так, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Болтрык сустрэўся з крымскай дэлегацыяй.

— Сёння старшыня Ваўкавыскага райвыканкама з’ехаў у службовую камандзіроўку ў горад Бахчысарай у складзе дэлегацыі, каб абмеркаваць узаемадзеянне ў турызме і гандлі, — сказаў намеснік старшыні аблвыканкама.