У вёсцы Русота святар выявіў, што бетонны плот мясцовых могілак пашкодзілі. Міліцыя даведалася, што яго сапсавалі двое хлопчыкаў дзевяці гадоў. Сябры хацелі даказаць адзін аднаму наяўнасць сілы, піша Telegram-канал «102.Неман».
На могілкі дзеці прыехалі са спальнага раёна Гродна на самакатах. Яны білі нагамі па бетонных секцыях і так пашкодзілі 24 элементы плота — шкода склала 2400 руб. Выплачваць грошы будуць бацькі. Хлопчыкі з добрых сем’яў, у поле зроку міліцыі не траплялі.
Крымінальную справу заводзіць не сталі, бо дзеці не дасягнулі ўзросту, з якога надыходзіць адказнасць.
У падобных выпадках бацькам могуць налічыць штраф да дзесяці базавых велічынь (420 руб.) -за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей, якое пацягнула здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння або злачынствы — калі дзеці занадта малыя, каб панесці адказнасць.
«Са слоў непаўналетніх, сваімі дзеяннямі яны адзін аднаму даказвалі наяўнасць сілавых здольнасцей», — адзначыў намеснік начальніка Гродзенскага РАУС Юрый Скок.
Чытайце таксама: Падлеткі гулялі па закінутай гасцініцы «Гродна». Да іх прыйшла міліцыя