Дзевяць школьнікаў у сярэдзіне верасня прабраліся ў пустуючую гасцініцу «Гродна». Уваход туды забаронены, бо гэта небяспечна. Праз чатыры дні асобы падлеткаў ужо ведалі супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх.

Падлеткі былі здзіўлены, што іх так хутка знайшлі, піша «Гродзенская праўда». Для бацькоў таксама стала навіной, што іх дзеці гулялі па закінутым будынку. Па іх словах, яны хацелі прагуляцца па паверхах і «пашукаць штосьці цікавае». Аб тым, што могуць пацярпець, не думалі.

Вылічыўшы падлеткаў, супрацоўнікі інспекцыі прыйшлі ў школы, дзе яны вучацца, і правялі гутаркі аб рызыцы падобных прагулак. Тыя паабяцалі больш не прабірацца на закінутыя аб’екты. Індывідуальна з імі не працуюць. Сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, не прызналі.

Па тэме: Мінчане хацелі скокнуць з вышкі побач з Паўднёвым рынкам — іх затрымалі

Рэканструкцыяй гасцініцы «Гродна» займаліся кітайскія інвестары — яны выкупілі аб’ект у 2016 годзе. Але ўжо ў 2020 годзе праект прыпыніўся з-за пандэміі і закрытых межаў. Праз год стала вядома, што ў уласнікаў няма грошай на рэканструкцыю.

У чэрвені 2024 года інвестару далі месяц на вырашэнне пытання з гасцініцай. У адваротным выпадку «гасцініцу будуць прадаваць паўторна», адзначаў старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель.

Пакуль будынак пустуе.