Гродзенец Аляксандр Лаўрэнцьеў знаходзіўся ў зняволенні ў Наваполацкай папраўчай калоніі № 1. У чэрвені 2025 гродзенец выйшаў на волю. Цяпер Лаўрэнцьеў апублікаваў у Threads даведку аб зарплаце, якую яму налічалі як падсобніку.
Лаўрэнцьеў працаваў у філіяле ВК 13-Беразвечча «Тэхнатара» падсобным рабочым першага разраду. Фірма вырабляе сеткі, плёнкі і тэнты для аўтамабіляў.
Працаваць Лаўрэнцьеву даводзілася па пяць-шэсць дзён з васьмі раніцы да пяці вечара. «5−6 дзён у тыдзень ходзяць толькі палітычныя асуджаныя. Гвалтаўнікі і забойцы ходзяць усяго тры дні ў тыдзень. Яны не небяспечныя проста», — піша гродзенец.
Даведка прадастаўлена з ліпеня 2024 па чэрвень 2025 года. Найбольшая сума, якую ўдалося зарабіць Лаўрэнцьеву за месяц — 37,9 руб. Разам за няпоўны год гродзенцу было налічана 330,48 руб. Сярэдні цэннік — 27,54 рубля за месяц. «Зусім забыўся дадаць, што ад гэтай сумы 50% забіраюць за ўтрыманне ў палоне і рабстве».

Аляксандра Лаўрэнцьева затрымалі ў траўні 2022. Гродзенца абвінавачвалі па двух артыкулах — абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і абразу прэзідэнта (арт. 368 КК). Пасля вынясення прысуду Лаўрэнцьева адправілі ў калонію агульнага рэжыму.
Летам 2024 стала вядома, што Лаўрэнцьеву дадалі яшчэ адзін год зняволення ў калоніі за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК).
На волю гродзенец выйшаў у чэрвені 2025 года.
Чытайце таксама: «Хочаш займацца палітыкай — заставайся за кратамі». Сяргей Спарыш расказаў пра сустрэчу і расставанне з Мікалаем Статкевічам