Польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск перад пасяджэннем урада паведаміў пра паўторнае адкрыццё чыгуначных і аўтамабільных памежных пераходаў з Беларуссю, якія былі закрытыя перад вучэннямі «Захад-2025». Як мяркуецца, гэта адбудзецца ў ноч з 24 на 25 верасня. Цяпер рыхтуецца адпаведная пастанова Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.
«Хачу паведаміць пра прыняцце рашэння сумесна з кіраўніком МУС і адміністрацыі, які сёння, літаральна праз імгненне, выдасць адпаведнае распараджэнне пра паўторнае адкрыццё чыгуначных і аўтамабільных памежных пераходаў. Тых, якія былі закрытыя ў сувязі з вучэннямі „Захад“ і, што цалкам зразумела, з ростам пагрозы і палітычнай і фактычнай нестабільнасці ля нашых межаў, у нашым рэгіёне. Як вы ведаеце, вучэнні „Захад“ завяршыліся, адначасова на тэрыторыі Польшчы праходзілі шырокамаштабныя саюзніцкія вучэнні. Мы прысутнічалі на гэтых вучэннях разам з міністрам нацыянальнай абароны», — заявіў прэм’ер-міністр Дональд Туск.
«Як мы ўжо заяўлялі, спыненне гэтых манеўраў („Захад“ — Hrodna.life) змяншае — не скажу, што ўхіляе — розныя віды небяспекі, звязаныя з агрэсіўным стаўленнем нашых усходніх суседзяў. І, прымаючы пад увагу эканамічныя інтарэсы польскіх перавозчыкаў, мы прыйшлі да высновы, што гэтая прэвентыўная мера выканала сваю задачу. Гэты інструмент застаецца ў нашых руках. І калі ўзнікне неабходнасць, калі ўзрасце напружанасць ці агрэсіўныя паводзіны з боку любога з нашых суседзяў, мы не будзем вагацца і зноў прымем рашэнне пра закрыццё пераходаў», — таксама адзначыў польскі прэм’ер-міністр.
Нагадаем, у ноч з 11 на 12 верасня Польшча закрыла аўтамабільныя і чыгуначныя пераходы на мяжы з Беларуссю. Сітуацыя, калі былі б закрытыя ўсе КПП на мяжы паміж дзвюма краінамі, адбываецца ўпершыню з 1991 года.