У Гродне для невідушчых і слабавідушчых правялі экскурсію па Фарным касцёле Святога Францішка Ксаверыя. Мерапрыемства прайшло ў рамках праекта «Гродна ў фармаце тыфла», мэта якога — зрабіць архітэктуру горада даступнай для людзей з парушэннямі зроку. Арганізоўваюць такія экскурсіі ўжо два гады супрацоўнікі Гродзенскай спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку.

Першапачаткова ініцыятыва называлася «Архітэктура ў фармаце тыфла», але з часам бібліятэкары пашырылі яе маштаб, уключыўшы ў маршруты розныя культурныя і рэлігійныя аб’екты, паведамляе БЕЛТА.

Удзельнікі праекта — а гэта члены Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і чытачы спецыялізаванай бібліятэкі — ужо пазнаёміліся з гісторыяй Каложскай царквы, лютэранскай кірхі, касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы і Гродзенскай духоўнай семінарыі.

— Мы будзем ужо крыху далей рухацца і расказваць пра сучасную архітэктуру, — адзначыла супрацоўніца спецыялізаванай бібліятэкі Раіса Ланеўская. — Мы ўручную робім аб’ёмныя карцінкі, каб ва ўдзельнікаў экскурсіі была магчымасць уявіць той ці іншы архітэктурны аб’ект, але, канешне, такая ілюстрацыя не перадае ўсю прыгажосць будынкаў.

«Гродна ў фармаце тыфла». Незвычайную тактыльную экскурсію правялі для невідушчых
Экскурсія для невідушчых гараджан. Фота: БЕЛТА

На такіх экскурсіях гіду трэба апісваць прастору і памеры так, каб у невідушчых удзельнікаў склалася поўнае ўяўленне пра аб’ект. Раней экскурсіі праводзілі бібліятэкары, але з часам стала зразумела, што цікавей, калі пра архітэктуру расказвае спецыяліст.

Таму ў Фарным касцёле экскурсію правёў вікарый кафедральнага касцёла ксёндз Яўген. Ён адзначыў, што ўдзельнікаў экскурсіі ў асноўным цікавіла, як выглядае касцёл і яго ўбранне.

— Нашы сённяшнія госці вельмі асаблівыя. І трэба было падрыхтавацца, як апісаць, якім чынам яны могуць, дакранаючыся да нейкіх дэталяў, зразумець, што адбываецца ў гэтым касцёле, — падзяліўся ён. — Людзі, якія сюды прыйшлі, вельмі адукаваныя, шмат ведаюць, яны вельмі чуллівыя, схопліваюць з паўслова, працягваюць твае думкі, дапамагаюць, у іх вельмі развіты духоўны свет. Насамрэч гэта дзіўная экскурсія.

«Гродна ў фармаце тыфла». Незвычайную тактыльную экскурсію правялі для невідушчых
Экскурсія для невідушчых гараджан. Фота: БЕЛТА

Слова «тыфла» прыйшло з грэчаскай мовы і азначае «сляпы». Яго выкарыстоўваюць у тэрмінах, звязаных з жыццём невідушчых і слабавідушчых людзей. Напрыклад, гэта можа быць навучанне, спецыяльныя прылады або слоўнае апісанне таго, што звычайна бачаць вачыма.

Дарэчы, у Гродне і для звычайных экскурсій не хапае гідаў. У загружаныя дні гродзенскія экскурсаводы не могуць абслужыць усе турыстычныя групы. А маршруты строга рэгламентуюцца Нацыянальным агенцтвам па турызме.