Жыхары Фолюша вымушаны хадзіць праз яр, бо дарогу перагарадзіла будоўля. Гродзенка Вікторыя Саўчык склала некалькі зваротаў у мясцовую адміністрацыю, але ў адказ атрымала адпіскі. Сваім абурэннем Вікторыя падзялілася ў Threads.

Верагодна, Вікторыя мела на ўвазе будоўлю ў раёне вуліц Соламавай, Хвойнай і Ласасянкі. Цяпер там узводзяць новы мікрараён, паркоўку і амбулаторыю. Гараджанка не ўдакладняе, жыхарам якога квартала даводзіцца хадзіць праз яр з-за будоўлі.

«З нашага дома не дайсці. Можна спусціцца толькі праз яр або робячы вялікі крук. Прычым нам прыбралі сметніцы і ўсталявалі іх, адгадайце, дзе? Правільна, на новай вялікай паркоўцы», — напісала Вікторыя.

Па словах гродзенкі, яна адправіла тры звароты ў раённую адміністрацыю і ЖЭС. Яе сусед сабраў подпісы жыхароў і накіраваў іх у гарвыканкам. «Адгадайце, што? Адпіскі. А народ працягвае хадзіць праз яр. Усходы будуюць прыкладна ў 300 метрах ад патрэбнага месца», — напісала дзяўчына.

Цяпер Вікторыя хоча запрасіць тэлебачанне, каб прыцягнуць увагу да праблемы.

Будаваць новы мікрараён у Фолюшы пачалі летам 2022. Яго плошча складзе 34 га, усяго з’явіцца 16 дамоў на 2050 кватэр. Будоўлю падзялілі на чатыры этапы — апошні павінны завяршыць да 2026 года.

Чытайце таксама: З’явілася схема парку на Фолюшы ў Гродна. Што будзе ў парку?