На сэрвісе «Атлас» адкрыты продаж новых прамых рэйсаў з Мінска і Гродна ў Варшаву з маршрутам праз Латвію. Паездка зойме значны час. Рэдакцыя Hrodna.life прыкінула прыкладны маршрут на мапе: выглядае ўражліва.

Прамы рэйс праз Латвію «Гродна-Беласток-Варшава» стартуе з 22 верасня. Выезд з Гродна — у 00.20. Білет каштуе 380 рублёў. Час у дарозе, мяркуючы па інфармацыі на сайце сэрвісу, 8 гадзін.

У зваротным кірунку з Варшавы аўтобус адпраўляецца ў 8.00.

Паездка з Мінска зойме як мінімум 11 гадзін. Аўтобус будзе выязджаць з беларускай сталіцы ў 15.20. У Варшаве аўтобус павінен быць у 01.30. Першы аўтобус па такім маршруце запланаваны на 25 верасня.

У зваротным кірунку выезд з Варшавы — у 22.10, у Мінску аўтобус будзе ў 9.00. Кошт квітка — 350 рублёў.

Магчыма, колькасць прамых рэйсаў у Польшчу праз Латвію з часам павялічыцца.

Таксама ў «Атласе» нагадваюць, што пры паездцы праз Латвію пасажырам неабходна выконваць шэраг умоў. Не пазней чым за 48 гадзін да паездкі замежнік абавязаны запоўніць анкету на сайце eta.gov.lv і дачакацца электроннага ліста з пацвярджэннем або адмовай ва ўездзе.

Нагадаем, у ноч з 11 на 12 верасня Польшча закрыла аўтамабільныя і чыгуначныя пераходы на мяжы з Беларуссю. Сітуацыя, калі былі б закрытыя ўсе КПП на мяжы паміж дзвюма краінамі, адбываецца ўпершыню з 1991 года.