Маштабныя рамонтныя работы па абнаўленні Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне пачаліся ў ліпені 2025 года. Іх заканчэнне запланавана на 30 верасня 2027 года, калі будзе святкавацца 120-годдзе асвячэння храма.

Апошні раз падобны капітальны рамонт у саборы праводзілі 20 гадоў таму перад святкаваннем 100-годдзя праваслаўнага храма.

Цяпер рабочыя займаюцца абнаўленнем фасадаў і даху — агульная плошча работ складае каля 1500 квадратных метраў. Частку знешніх работ плануюць завяршыць да прастольнага свята — Пакрова Прасвятой Багародзіцы, якое адзначаецца 14 кастрычніка, расказвае тэлеканал «Беларусь 4. Гродна».

У Гродне пачалі абнаўляць Свята-Пакроўскі сабор. Грошы збіраюць «усім светам»
Галоўны ўваход Свята-Пакроўскага сабора ў лясах. Фота: скрыншот з відэа

На гэтым пераўтварэнні не скончацца. Упарадкуюць прастору вакол храма. Унутры абновяць дзверы і падлогу, заменяць электраправодку і адрэстаўруюць іканастас.

— Гэта вельмі карпатлівая, няпростая праца. Будаўнікі літаральна па квадратных сантыметрах аднаўляюць такія месцы, аднаўляюць тынкоўку, аднаўляюць пакрыццё фарбы. Таму спадзяемся, што да 2027 года сабор ператворыцца і будзе радаваць нас сваёй веліччу, сваім выглядам і сваёй прыгажосцю, — расказаў настаяцель храма, протаіерэй Рыгор Бяляцкі.

У Гродне пачалі абнаўляць Свята-Пакроўскі сабор. Грошы збіраюць «усім светам»
Зараз рабочыя займаюцца абнаўленнем фасадаў і даху. Фота: скрыншот з відэа

Грошы на рэстаўрацыю збіраюць праз ахвяраванні. Для гэтых мэтаў адкрытыя дабрачынныя рахункі.

Кафедральны сабор Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Гродне быў пабудаваны ў 1904−1905 гадах па праекце архітэктара Міхаіла Прозарава і асвечаны 30 верасня 1907 года ў памяць пра салдат 26-й артылерыйскай брыгады, якія загінулі ў руска-японскай вайне. Храм атрымаў статус кафедральнага ў 1921 годзе. У 1952 годзе самастойная Гродзенская епархія была скасавана, і ўсе прыходы ўвайшлі ў склад Мінска-Беларускай епархіі. Нягледзячы на гэта, Пакроўскі сабор захаваў статус кафедральнага. Тут праводзіліся службы, хоць прыхаджан у параўнанні з папярэднімі гадамі ў той перыяд было няшмат. Але храм заставаўся адкрытым.