У вёсцы Галынка, што ў 26 кіламетрах ад Гродна, ўсталявалі «тэлефон ветру». Гэта будка для людзей, якія страцілі сваіх блізкіх — тут яны могуць прапрацаваць цяжкія эмоцыі. Такая будка — першая ў Беларусі. Прыкладам паслужыў падобны аб’ект у Японіі.
«Тэлефонную» будку ўсталявалі на тэрыторыі дома Святога Пэрэгрына сіламі валанцёраў «Цэнтра дапамогі жыцця». Цяпер сюды могуць прыязджаць людзі, якія нядаўна страцілі блізкіх. Па словах дырэктара цэнтра Алега Гарбачова, за першыя дні працы «тэлефон ветру» наведала каля дзесяці чалавек.
Унутры ёсць крэсла, распяцце, нататнік і сурвэткі. «Гэта важная псіхалагічная дапамога. У перыяд гаравання важна дапамагчы самому сабе. У размове чалавек можа нешта дасказаць, што не дасказаў, далюбіць, калі не далюбіў і папрасіць прабачэння», — лічыць Гарбачоў.


Па словах дырэктара, упершыню такая будка з’явілася ў Японіі. Яе ўстанавіў дызайнер Ітару Сасакі, які страціў свайго стрыечнага брата падчас землятрусу і цунамі. «Але ён не сказаў важных слоў свайму загінуламу брату і падумаў, што можа зрабіць гэта з дапамогай ветра. Вецер данясе яго думкі і перажыванні чалавеку, які пайшоў з жыцця», — распавядае Гарбачоў.
Будка японскага дызайнера паслужыла рэферэнсам. Так у 2017 годзе ў каліфарнійскім горадзе Окленд мастак Джордан Стэрн узвёў «тэлефонную» будку ў памяць аб ахвярах пажару на мясцовым складзе.
Праз год сямейная пара з Японіі ўстанавіла падобны аб’ект у памяць аб 18-гадовай дзяўчыне, якая скончыла жыццё самагубствам. Будку назвалі «тэлефон марскога брызу».
Чытайце таксама: У гродзенскія хоспісы шукаюць валанцёраў