Прэм’ера прапагандысцкага фільма «Классная» запланаваная на 18 верасня. Пройдзе яна і ў чатырох з пяці кінатэатраў Гродна. У іх адбываецца тое ж самае, што з фільмам «На другом берегу» два гады таму: залы то выкупленыя — верагодна, пад бюджэтнікаў, то стаяць пустыя.

Фільм «Классная» апісваюць так: «Пасля заканчэння ВНУ дзяўчыну размеркавалі на працу не ў сталіцу, а ў маленькі аграгарадок. Тут гераіню чакае нямала выпрабаванняў, але здавацца яна не мае намеру. Маладой настаўніцы прыйдзецца хутка пасталець і знайсці агульную мову з дзёрзкімі вучнямі, бо цяпер яна класны кіраўнік выпускнікоў».

Зняў карціну рэжысёр Кірыл Халецкі на «Беларусьфільме». У 2022 годзе ён скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысура кіно і тэлебачання. Сцэнарыст — Андрэй Курс.

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі назваў фільм «ідэалагічнай казкай», створанай, каб падняць прэстыж прафесіі настаўніка: «Чым могуць ганарыцца аўтары, дык гэта адпрацаваным на дзясятачку ідэалагічным запалам. Рэжысёр устаўляе буйныя планы афіцыйнага сцяга. Героі ледзь не цалкам спяваюць гімн на школьнай лінейцы, а праз пяць хвілін рэкламуюць кнігу пра Лукашэнку „Наш прэзідэнт“, па якой гераіня, як сама прызнаецца, напісала дыпломную працу».

Усё ці нічога

У кінатэатры «Космос» на 11.00 і 13.30 18 верасня не куплена ніводнага білета. На 15.30 — выкупленыя ўсе. Тое ж з адзіным сеансам у МЦ «Гродно»: на 15.00 усё прададзена.

У «Красной звезде» на 15.00 няма свабодных месцаў, на 18.10 — вольная адна пятая частка. А вось у «Восток» на тры сеансы не прадалі ніводнага квітка. У «Октябре» і зусім няма фільма ў пракаце.

Такая дзіўная дынаміка кажа пра тое, што квіткі выкупілі для бюджэтнікаў і людзей, якія павінны быць на прэм’еры. Звычайна такой розніцы — ад поўнай да пустой залы — не, тлумачыў Тарналіцкі Hrodna.life. Верагодна, пазней універсітэты і прадпрыемствы дадуць справаздачу аб арганізаваным праглядзе.