Гродзенскі панк-музыка Дзмітрый Карповіч памёр 17 верасня 2025 года. Развітанне з ім адбудзецца 19 верасня ў храме Мікалая Цудатворца на вуліцы Філарэта, 1/1, паведамілі ў сацсетках знаёмыя Карповіча.
Дзмітрый Карповіч — прадстаўнік панк-сцэны Гродна. Граў у гурце «Твой город». У 2008 годзе музыкант стаяў ля вытокаў стварэння «ДК імя Грэка» — месца, дзе праводзіліся андэграўндныя канцэрты.
Першапачаткова гэта была рэпетыцыйная кропка, якая ператварылася ў пляцоўку для канцэртаў. У «ДК» прыязджаў мінскі панк-гурт «Бостонское чаепитие», выступалі гродзенскія гурты «В.К.Л.» і «Кальян».
Аналізуючы ўклад «ДК» у развіццё гродзенскай незалежнай сцэны, лідар гурта «Прощай Привычка» Яўген Нікіцін адзначаў, што пляцоўка стала для яго адпраўным пунктам. «Энергетычна гэта месца мела магніт і гэта выяўлялася ў тым, што ты туды мог прыйсці не па нейкай прычыне, а проста так».
Стылістычных рамак, якія б стрымлівалі музыкаў, не было. «Адзінай умовай для правядзення канцэрта была наяўнасць электрычнасці ў разетках, добры настрой у выступоўцаў і такі ж настрой у слухачоў», — кажа Нікіцін.


Пляцоўка праіснавала да 2012. Пасля будынак, дзе знаходзілася рэпкропка, знеслі для будаўніцтва дарожнай развязкі. Па словах Нікіціна, працэс закрыцця быў «вялацякучым». Канчатковыя даты ліквідацыі некалькі разоў пераносілі. «Сказаць, што было балюча — гэта значыць нічога не сказаць, нам больш не было дзе спяваць».
У 2017 фатограф Яўген Кандратовіч арганізаваў выставу, прысвечаную гісторыі пляцоўкі «ДК». Таксама ў адзіным экзэмпляры была выдадзена кніга, у якую ўвайшло 70 фота.