Беларус у Threads пацікавіўся ў карыстальнікаў, чым займаюцца людзі, якія зарабляюць больш за 3000 беларускіх рублёў. Каментатары расказалі, кім яны працуюць. Не абышлося і без гумару: «За 3 тысячы яшчэ нешта рабіць трэба?» — жартам дзівіліся карыстальнікі.
Пост з пытаннем пра заробкі беларусаў набраў амаль 300 каментарыяў. І аказалася, што заробак у тры і больш тысячы беларускіх рублёў бывае не толькі ў айцішнікаў, хаця прадстаўнікоў гэтай сферы было дастаткова.
Майстры манікюру, дальнабойнікі, будаўнікі
Было шмат адказаў ад майстроў манікюру, цырульнікаў, лагістаў, а таксама будаўнікоў.
«Будаўнік, займаюся аздабленнем. Калі рукі адкуль трэба растуць, можна добра зарабляць», — напісаў адзін з каментатараў.
«Працуем з мужам у будаўніцтве», — дадала адна з дзяўчат.
«Фарбую валасы тым, хто сам гэта не ўмее», — адзначыла адна з карыстальніц.
Некалькі чалавек пазначылі, што працуюць дальнабойшчыкамі, праўда, многія не ўдакладнілі, ці ў самой Беларусі, ці ездзяць у Еўропу. Адзін з каментатараў удакладніў: «Кіроўца фуры па РБ».
Адзначыліся геадэзісты, спецыялісты ў галіне SEO і таргетыраванай рэкламы, а таксама вядучыя курсаў па інвеставанні, трэйдзінгу і крыптавалюце.

Рэпетытары і псіхолагі з высокім прайсом
Зарабляюць больш за 3000 рублёў і рэпетытары. «Рэпетытар англійскай, але вучні з Расіі, Польшчы, Ізраіля, Сербіі і Іспаніі», — напісаў адзін з карыстальнікаў. Былі адказы ад псіхолагаў з прыватнай практыкай.
Адна з каментатарак адзначыла, што для добрага заробку прыйшлося ўкласці больш за $ 10 000 у павышэнне кваліфікацыі.
Іншая карыстальніца падзялілася назіраннямі пра кошт паслуг псіхолагаў: «Я тут шукала псіхолага, натрапіла на адну арганізацыю, цэны за гадзіну кансультацыі ад 120 да 1400 руб. Я думала, можа, нулік лішні прыпісалі, але не, гэта не памылка. Я разумею, што яны не ўсю суму пакладуць у кішэню, але блін, што можна сказаць за 1400? Можа, за адзін сеанс выправіць усё, што збіралася гадамі, прасвятлее аўра, трэцяе вока адкрыюць… карацей, мой шок у шоку. Нават афігенны юрыст па нерухомасці (з якім мы выйгралі суд) бярэ па 350 руб. за кансультацыю».

Лекары, пекары і эканамісты
У каментарыях з’явіліся адказы ад урачоў, напрыклад, УГД-спецыяліста і стаматолага. Таксама былі паведамленні:
- «Кіраўнік аддзела продажаў у кампаніі аўтарскіх падарожжаў»
- «У калгасе працую эканамістам»
- «Цягнікі ваджу»
- «У „Суседзях“ хлеб раблю»
- «Я працую ў Зелянбудзе, заробак больш за 3000»
Мэбельшчыкі і заробак на курсах
Былі і больш падрабязныя адказы:
«Працую праектным мэнэджэрам у кампаніі, якая займаецца імпартам, рэалізацыяй і сэрвісным абслугоўваннем аўто. Асноўная частка працы: напісанне ТЗ для інжынераў», — дадала адна з карыстальніц.
«Медыянны заробак у маёй кампаніі ў прадажнікаў ~3500−4000. Ва ўсіх астатніх ад 2500 да 6000. Займаемся мэбляй, кампанія вельмі невялікая», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

«Вяду курсы па інвеставанні з пашпартам РБ. І яшчэ фінансавы дырэктар на аўтсорсе. Таксама вяду ўрокі і курырую розныя курсы для прадпрымальнікаў па фінансавай частцы. Пішу бізнес-планы на заказ. Зарабляю нашмат больш», — расказала яшчэ адна дзяўчына.
«3000 беларускіх рублёў — невялікія грошы»
Некаторыя карыстальнікі адзначалі, што заробак у 3000 беларускіх рублёў — гэта зусім няшмат. «Так, 3 тысячы рублёў — гэта не так шмат, працуючы кім заўгодна на Маскву можна спакойна ад 5 тысяч зарабляць. Сам інжынер-праекціроўшчык, праўда, я з расійскім грамадзянствам і працую на Маскву, пры гэтым жыву ў Мінску», — напісаў адзін з каментатараў.
«Адкрыю таямніцу: яны працуюць. 3000 беларускіх — невялікія грошы», — дадаў іншы.

Жарты і самы папулярны адказ
Не абышлося і без гумару:
«Працуем, як коні, ратуйце, калі ласка», — напісала адна з дзяўчат.
«Добры ход, падатковая!», — пажартаваў іншы карыстальнік.
Самым папулярным адказам стала: «Туды-сюды, там-сям», якое набрала больш за 360 лайкаў.
Нагадаем, на ліпень 2025 года сярэдняя зарплата ў Беларусі склала 2 772,4 рубля. Для Гродзенскай вобласці гэты паказчык ніжэйшы — сярэдняя намінальная налічаная заработная плата па выніках чэрвеня 2025 года склала 2 420,6 рубля.