Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы і пракуроры Гродзенскай вобласці пачалі здымкі трэцяга фільма праекта «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі», які дзейнічае ва ўніверсітэце з 2023 года.

Раней былі выпушчаны дзве падобныя працы: 15-хвілінны фільм «Армія Краёва: цана здрады» (2023 год) і «Генацыд: без права на забыццё» пра дзейнасць Сямёна Серафімовіча — «кіраўніка аднаго з падраздзяленняў дапаможнай паліцыі» ў Міры і Баранавічах.

Здымкі фільма пачаліся ў ваколіцах аграгарадка Путрышкі Гродзенскай вобласці. Як паведамляецца на сайце Гродзенскага ўніверсітэта, фільм будзе прысвечаны «трагічным падзеям, якія адбыліся ў чэрвені 1941 года, калі мірныя жыхары сталі ахвярамі фашызму». Прэм’ера запланавана на снежань 2025 года.

На Гродзеншчыне пракуроры і студэнты здымаюць новы прапагандысцкі фільм аб «генацыдзе беларускага народа»
Здымкі фільма. Фота: grsu.by

Здымкі фільмаў — не адзінае супрацоўніцтва ўніверсітэта з пракуратурай.

Так, у ВНУ з 2020 года працуе студэнцкая лабараторыя «Памяць Вялікай Айчыннай вайны». Для пракуратуры Гродзенскай вобласці студэнты і выкладчыкі апрацоўваюць інфармацыю пра людзей, якія праходзяць па шэрагу спраў сведкамі, ахвярамі і абвінавачанымі.

На Гродзеншчыне пракуроры і студэнты здымаюць новы прапагандысцкі фільм аб «генацыдзе беларускага народа»
Здымкі фільма. Фота: grsu.by

Пра генацыд улады пачалі казаць летам 2022 года, калі прынялі Закон «Аб генацыдзе беларускага народа». Ён юрыдычна прызнае факт генацыду беларусаў, які здзейснілі нацысцкія злачынцы. Але ў практыцы закон пачаў выкарыстоўвацца для прапаганды, у тым ліку антызаходняй. Напрыклад, да «нацысцкіх злачынцаў» залічваюць байцоў Арміі Краёвай, якая акурат змагалася супраць нацыстаў і мела падтрымку сярод мясцовых жыхароў.

Закон «Аб генацыдзе беларускага народа» фактычна замацаваў за беларускімі ўладамі манаполію на тлумачэнне гісторыі. Улады атрымалі дадатковы карны інструмент — могуць караць за выказванне меркаванняў, якія адрозніваюцца ад дзяржаўных трактовак гісторыі. Праз уключэнне «генацыду беларускага народа» ў адукацыйны працэс улады спрабуюць прывіць недавер да заходніх краін і заходняга свету ўжо са школьнага ўзроўню.