Пасля прыняцця новага закона ў Гродне дадаткова ўсталююць дарожныя знакі - у месцах, дзе веласіпедысты могуць не спешвацца пры ўездзе на праезную частку. У Гродне такіх зоны будзе тры — дзе няма канфлікту паміж кіроўцамі і пешаходамі. На знаках будуць намаляваны святлафор і сілуэт веласіпеда.
Першая таблічка з’явіцца на скрыжаванні вуліцы Дзяржынскага і плошчы Тызенгаўза. Пазней дарожныя знакі ўсталююць на скрыжаваннях праспекта Янкі Купалы з вуліцай Кабяка і Паўднёвай, паведамілі ў ДАІ Гродна.
Усталёўваць таблічкі вырашылі пасля таго, як з 1 верасня 2025 у Беларусі пачалі дзейнічаць абноўленыя ПДР. Згодна з імі, веласіпедысты павінны спешвацца перад скрыжаваннем праезнай часткі. Пакуль гэта эксперымент.
Абмяркоўваючы ўстаноўку дарожных знакаў у Threads, гродзенец Іван адзначыў: цяпер «злазіць з веласіпеда па дарозе на працу трэба будзе не 25 разоў а 22».
Некаторыя гараджане спадзяюцца, што «велазавод пралабіруе свае інтарэсы». Гаворка ідзе аб фірме «Веласіпеды Макстэр», якая ў пачатку верасня стала рэзідэнтам «Гроднаінвест». Прадпрыемства будзе вырабляць веласіпеды. Сам завод з’явіцца ў Грандзічах.
Па падліках гродзенца Яўгенія, на шасцікіламетровым маршруце ад вуліцы Соламавай да Панямуньскай давядзецца спыняцца 19 разоў.
Чытайце таксама: «Стаміўся пераскокваць сабачак і дзетак». Веласіпедысты не могуць дамовіцца з пешаходамі ў Пышках