Ксёндз Ян Варанецкі, пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Ашмянах, памёр 12 верасня. Яму было 34 гады. Год да гэтага ён стаў мішэнню прапагандысцкага канала, звязанага з гродзенскімі сілавікамі.
Пра смерць святара паведаміла прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі.
Паводле інфармацыі katolik.life, Ян Варанецкі раптоўна памёр побач з касцёлам у вёсцы Анжадава ў Ашмянскім раёне, куды паехаў на пахаванне верніка.
«Усё адбылося раптоўна. Ксёндз як раз адправіў пахавальную Імшу, вельмі цікавае казанне прамовіў. Усё было як заўсёды. Выбачыўся перад роднымі памерлага, што не можа паехаць на могілкі, бо спяшаецца на Імшу ў шпіталь. Усе паехалі. А яго праз некаторы час знайшлі нежывым ля касцёла, ён нават не паспеў ад’ехаць. Верагодна, тромб. Экспертыза пакажа. Вернікі ў стрэсе», — цытуе прыхаджан katolik.life.
Ксёндз Ян Варанецкі нарадзіўся 15 ліпеня 1991 г. Стаў святароў у 2016 годзе. Служыў у Ашмянах і Гродна, у ліпені 2024 года стаў пробашчам ашмянскай парафіі Св. Міхала Арханёла. У тым жа месяцы, як піша «Наша Ніва», стаў аб’ектам інфармацыйнай атакі ананімнага Telegram-канала «Гродненские сливы». Аўтары канала сцвярджалі, што ксёндз нібыта «не любіць уладу».
Канал «Гродненские сливы», які вядуць сілавікі з Гродна, ужо шмат гадоў спрабуе дыскрэдытаваць каталіцкі касцёл. Канал рэгулярна публікуе пасты, якія ганяць асобных святароў, спасылаючыся нібыта на вернікаў.