Блогер, журналіст і анархіст Мікалай Дзядок на прэс-канферэнцыі ў Вільні, прысвечанай вызваленню палітвязняў, расказаў пра ўмовы ўтрымання ў гродзенскай турме № 1. Частку свайго тэрміну ён правёў у адзіночнай камеры.

Амаль год Мікалай правёў у штрафным ізалятары. Паводле яго слоў, зняволеныя, якія знаходзіліся ў падобных умовах, пакутавалі ад холаду і бессані.

«Будучы ў адзіночнай камеры, я прачынаўся ад таго, што ў суседніх памяшканнях дарослыя мужчыны вылі і сярод ночы клікалі сваю маму. На маіх вачах людзі сыходзілі з розуму не ў пераносным сэнсе, а ў прамым — яны пачыналі чуць галасы», — расказаў Дзядок.

Ён адзначыў, што зняволеных у гэтыя моманты не білі і не катавалі фізічна.

«Хтосьці думае, што катаванні — гэта калі чалавека паставілі на дыбу ці пачалі расцягваць распаленымі абцугамі, мышцы яму выдзіраць. Па-сапраўднаму, не. З таго, што я бачыў, я пераканаўся: чалавека можна давесці да вар’яцтва ці да смерці, проста пакінуўшы яго ў адзіночнай камеры. Адміністрацыя <турмы> пачынае маніпуляваць базавымі патрэбамі — і чалавек сыходзіць з розуму ці памірае. Трэба толькі час», — дадаў ён.

Таксама ён расказаў пра тое, як у гродзенскай турме аказваюць медыцынскую дапамогу.

«Там не даюць лячэнне. Там цябе не лечаць да таго часу, пакуль ты не ўпадзеш. Калі ты ўжо ляжыш без прытомнасці, тады так, адчыняюць дзверы, могуць нават у бальніцу даставіць. Але калі ты проста скардзішся на здароўе, табе ў найлепшым выпадку дадуць проста нейкі абязбол. Класічная фраза, якую я не выдумляю. Я сказаў: „Доктар, у мяне баліць галава“. А ён: „Галава не дупа, пабаліць і перастане“. І зачыняе кармушку».

Хто такі Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок — блогер, журналіст і актывіст анархісцкага руху. Яго затрымалі 11 лістапада 2020 года: пры затрыманні яго збілі і распылілі ў вочы пярцовы газ.

Суд прыгаварыў яго да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму, пазней пакаранне ўзмацнілі і перавялі яго на турэмны рэжым. У зняволенні Дзядка неаднаразова падвяргалі ціску і новым абвінавачванням, у тым ліку па артыкуле 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

11 верасня 2025 года стала вядома, што ён апынуўся сярод 52 палітвязняў, якіх Аляксандр Лукашэнка памілаваў. Сярод іх таксама Мікалай Статкевіч, Уладзімір Мацкевіч, Ігар Лосік, Павел Мажэйка, Галіна Дзербыш і іншыя.

Вызваленню папярэднічала сустрэча Лукашэнкі з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам. Вызваленых вывезлі за межы Беларусі.