У Гродне прайшлі грамадскія абмеркаванні праекта рэканструкцыі набярэжнай. Праект абмяркоўвалі на сустрэчы з праекціроўшчыкамі 11 верасня. Прысутным расказалі, якой плануюць зрабіць набярэжную. Усе ахвотныя маглі выказаць свае заўвагі і прапановы, паведамляюць гродзенскія ўлады. Іх можна ўнесці яшчэ некалькі дзён.
«Вашае меркаванне важнае для будучага аблічча набярэжнай», — запэўніваюць у гарвыканкаме.
Праўда, па словах прысутных, на абмеркаванне прыйшло не вельмі шмат людзей.
«Была першы раз на грамадскіх абмеркаваннях праекта забудовы. У гэтым выпадку рэканструкцыі набярэжнай у горадзе Гродне. Здзіўлена, што прыйшло так мала гараджан, галоўным чынам архітэктурная тусоўка», — напісала гродзенка ў Threads.
Аднак, нават калі вы не трапілі на слуханні ў афлайн-рэжыме, свае прапановы па праекце ўсё яшчэ можна ўнесці да 15 верасня.
Іх можна даслаць на электронныя пошты: [email protected]. ці [email protected].

Пасля грамадскіх абмеркаванняў, з улікам усіх пажаданняў і заўваг гараджан, пройдзе горадабудаўнічы савет.
Маяк, веладарожка і новыя фотазоны: што з’явіцца на набярэжнай?
Плануецца, што падчас рэканструкцыі расчысцяць прыбярэжную паласу, адновяць каменныя адхоны, створаць пешаходную алею і абмяжуюць рух транспарту. Зробяць алею ўздоўж замкаў і зону для шпацыраў.
З’явіцца назіральная пляцоўка ў выглядзе вуглавога мосціка з выглядам на Нёман, побач усталююць плаваючы фантан.
Запланаваны месцы адпачынку, фотазоны, спускі да вады. Каля Старога моста пабудуюць прычал для пракату сапбордаў і катамаранаў.
Асобна абсталююць фестывальную пляцоўку для кінапраглядаў, кірмашоў, канцэртаў. Узімку тут хочуць заліваць каток і паставіць маяк для запуску ліхтарыкаў. Таксама зробяць веладарожку, якая злучыць набярэжную з пляжам і Пышкамі.

Уладкаваць набярэжную не атрымліваецца некалькі гадоў: бракуе грошай і ідэй
Мясцовыя ўлады спрабуюць добраўпарадкаваць набярэжную Нёмана ўжо некалькі гадоў запар. У 2019 годзе распрацавалі праект па добраўпарадкаванні тэрыторыі ад вусця Гараднічанкі да Новага моста, аднак грошай на яго рэалізацыю не знайшлося.
У 2023 годзе аблвыканкам абвясціў конкурс на лепшы праект па добраўпарадкаванні набярэжнай — паўдзельнічаць у ім маглі як архітэктары, так і звычайныя грамадзяне.
Аднак у лютым 2024 года стала вядома, што вызначыць пераможцу так і не змаглі. У конкурсе паўдзельнічалі 23 гродзенцы. Але, паводле слоў старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэя Хмеля, ніводны з дасланых праектаў не адпавядаў умовам.
Варыянты, якія даслалі гродзенцы, планавалі закласці ў аснову праектавання набярэжнай. Яе хочуць адкрыць да 900-годдзя Гродна ў 2028 годзе.