Лукашэнка 11 верасня памілаваў 52 палітвязня. Сярод іх — Мікола Статкевіч, Уладзімір Мацкевіч, Мікола Дзядок і гродзенскі журналіст Павел Мажэйка. Яшчэ 14 вызваленых — замежнікі.
Хто з гродзенцаў на волі?
Пакуль вядома аб трох жыхарах Гродна і вобласці, якія выйшлі на волю. Гэта журналіст Павел Мажэйка і пенсіянерка з Абухава Галіна Дзербыш. Па інфармацыі «Нашай Нівы» таксама вызвалілі 63-гадовага інжынера з Ваўкавыска Андрэя Крылова. У Telegram-канале «Розовые косынки» сярод вызваленых таксама згадваюць гродзенца Сяргея Спарыша.
Каго вызвалілі?
«У ліку памілаваных — лідэры і ўдзельнікі экстрэмісцкіх, тэрарыстычных арганізацый, удзельнікі масавых беспарадкаў, прадстаўнікі экстрэмісцкіх і дэструктыўных СМІ. Усе яны сёння пакінулі тэрыторыю Рэспублікі Беларусь», — расказала прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
Паводле яе слоў, ён зрабіў гэта, «зыходзячы з прынцыпаў гуманізму». Улічваўся таксама ўзрост асуджаных, стан здароўя, пытанні ўз'яднання сем’яў.
Чаму гэта адбылося?
Вызваленню папярэднічала сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўніком Прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам.
«Хачу цалкам афіцыйна зараз тут заявіць, што мы знялі санкцыі з „Белавія“. Гэта афіцыйна. У мяне была сустрэча з Прэзідэнтам Трампам, у якой удзельнічалі яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Гэтае рашэнне было прынята Прэзідэнтам, які сказаў: „Зрабіце гэта неадкладна“. Адносна „Белавія“. Цяпер гэтае рашэнне, якое ўжо зацверджана, прынятае ўсімі адпаведнымі міністэрствамі і ведамствамі, якія ўцягнутыя ў гэтую працу. І Дзярждэпартамент, і Міністэрства гандлю, і Міністэрства фінансаў, і астатнія арганізацыі, якія ў гэта ўцягнуты. Гэтае рашэнне прынята», — падкрэсліў Джон Коўл.
Хто ў спісе?
Згодна з інфармацыяй «Еўрарадыё», сярод вызваленых ёсьць некалькі супрацоўнікаў праваабарончага цэнтру «Вясна». Іх імёны пакуль не паведамляюцца.
Кажуць пра вызваленне журналісткі Ірыны Слаўнікавай, блогера Міколу Дзядка, філосафа Уладзіміра Мацкевіча, палітыка Міколу Статкевіча і прафсаюзнага актывіста Генадзя Фядыніча.
Па словах Франака Вячоркі, не ўсе з 52 вызваленых пакінулі Беларусь. Палітык таксама дадаў, што «некаторыя з тых, каго назвалі ў СМІ, не былі вызваленыя».
Хто з Гродна ў асаблівай небяспецы ў турме?
Hrodna.life узгадвае, хто з палітвязняў гродзенцаў знаходзіцца ў турме ў цяжкім стане.
Дзяніс Івашын: праблемы з сэрцам
Івашына затрымалі ўлетку 2021 года. Тады ж у яго пачаліся праблемы з сэрцам. Журналіста прыгаварылі да 13 гадоў і 1 месяца пазбаўлення волі.
Аляксандр Фядута: вострая сардэчная недастатковасць
Палітолага Аляксандра Фядуту затрымалі ў красавіку 2021. Прысуд вынеслі ў 2022 годзе — 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У зняволенні ў Фядуты здараліся прыступы стэнакардыі і арытміі. Пасля этапу ён патрапіў у лякарню з-за праблем з сэрцам і ацёкаў. З-за праблем са здароўем Фядута не мог ляжаць і нармальна спаць.
Анджэй Пачобут: зрыў рытму сэрца
Журналіста затрымалі ў сакавіку 2021 года, прысуд вынеслі праз два з паловай гады. Рашэннем суда Пачобуту далі восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пры аглядзе ў Пачобута зафіксавалі зрыў рытму сэрца і ціск 190/140 — з такімі паказчыкамі ён не можа знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Фельчар адмовілася падпісаць адпаведную даведку. Таму са жніўня 2023 журналіста ўсё роўна ўтрымлівалі ў камеры.