Каля пасольства ЗША ў Вільні сабраліся беларускія і замежныя журналісты, якія чакаюць сустрэчы з вызваленымі 11 верасня з беларускіх турмаў і калоній палітзняволенымі.
Да амбасады прыйшлі журналісты практычна ўсіх незалежных выданняў Беларусі, а таксама прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў і грамадскіх арганізацый, што падтрымліваюць палітычных мігрантаў. Вядома таксама, што ў Вільню выехалі сваякі некаторых вызваленых. Дакладна вядома, што едзе Ірына Чарняўка з дзецьмі сустракаць мужа і бацьку Паўла Мажэйку.

Агулам сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Вядома, што да сустрэчы вызваленых ужо падрыхтаваны памяшканні ў беларускіх арганізацыях Вільні, якія маюць тут шэлтары.
З мяжы прыйшла навіна аб тым, што Мікола Статкевіч не хоча пакідаць Беларусь. З гэтым звязаная затрымка.
«Мы чакаем ужо каля двух-трох гадзін. Прыехалі сюды адразу, калі даведаліся пра гэтую падзею. Адразу не былі вядомыя імёны. Потым пачалі з’яўляцца імёны Лосік, Дзядок, Статкевіч. Таму, канешне, гэта такія героі беларускай змагарскай сцэны. Хочацца пабачыць іх ужывую, калі будзе такая магчымасць, стаць часткай гэтай падзеі. Пабачыць эмоцыі людзей, якія толькі што выйшлі пасля такога — унікальная падзея», — кажа актывіст Пётр Маркелаў, які сярод іншых стаіць пад амбасадай ЗША.

Сярод тых, хто чакае вызваленых, ёсць таксама псіхолаг, гродзенка Вольга Вялічка:
«Такое супярэчлівае вельмі ўражанне. Я вельмі асабіста радая, узрушаная навіною, што невінаватыя людзі, якія правялі там хтосьці каля пяці гадоў, хтосьці менш, што яны вызваленыя і што яны на волі, і яны могуць уз’яднацца з сем’ямі і могуць пачаць жыць нармальнае жыццё не за кратамі, без здзекаў. А з другога боку вялікая такая раз’юшанасць за тое, што ў цэнтры Еўропы проста вызваляюцца людзі без ніякай магчымасці выказаць сваю волю і выказаць сваё жаданне заставацца ў роднай краіне альбо не заставацца. Вось таму такое вельмі супярэчлівае ў мяне адчуванне. І яшчэ гісторыя пра тое, што гэта ўсё ўхваляецца і робіцца пад знакам гуманнасці (маеццца на ўвазе афіцыйнае тлумачэнне беларускіх уладаў, што вызваленне было крокам гуманнасці - Hrodna.life). Гэта, канешне, напружвае».
Прыкладна ў 18.08 першы аўтамабіль дыпламатаў заехаў на тэрыторыю пасольства. Абяцаюць праз 20 хвілін адказаць на пытанні.

Каля 18.30 да журналістаў выйшаў Джон Коўл, спецпрадстаўнік прэзідэнта Трампа. Ён кажа, што мэта амерыканцаў - крок па кроку ўсталяваць добрыя стасункі з Беларуссю.

«Выпуск 52 чалавек сёння быў вельмі добрым жэстам. Наша мэта — нармалізаваць адносіны з Беларуссю. Яны выпусцілі 14 (палітвязняў) нейкі час таму, і нам трэба было зрабіць нешта. Тое, што мы зрабілі — гэта знялі санкцыі з Белавія», — заявіў Коўл.

Каля 18.47 прыехала Святлана Ціханоўская.

У 19.45 па беларускаму і літоўскаму часе да амбасады прыехалі першыя аўто з палітзняволенымі. Іх сустрэлі крыкамі «Жыве Беларусь!».



Вядома, што Мікалай Статкевіч, які доўгі час знаходзіўся на нейтральнай тэрыторыі, пайшоў назад у Беларусь.
«Цяпер ім (некаторым палітвязням) афармляюць дакументы на мяжы, пасля гэтага іх размяркуюць па шэлтарах. Заўтра можа адбыцца прэс-канферэнцыя з удзелам вызваленых. Збольшага палітвязні знаходзіцца ў нармальным фізічным і псіхалагічным стане, але некаторым трэба тэрміновая медычная дапамога», — сказаў журналістам старшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячоркі, піша «Наша Ніва».
Што адбылося?
Лукашэнка 11 верасня памілаваў 52 палітвязня. Сярод іх — Мікола Статкевіч, Уладзімір Мацкевіч, Мікола Дзядок, Ігар Лосік, Павел Мажэйка, Галіна Дзербыш і іншыя.
Вызваленню папярэднічала сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўніком Прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам.
«Хачу цалкам афіцыйна зараз тут заявіць, што мы знялі санкцыі з „Белавія“. Гэта афіцыйна. У мяне была сустрэча з Прэзідэнтам Трампам, у якой удзельнічалі яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Гэтае рашэнне было прынята Прэзідэнтам, які сказаў: „Зрабіце гэта неадкладна“. Адносна „Белавія“. Цяпер гэтае рашэнне, якое ўжо зацверджана, прынятае ўсімі адпаведнымі міністэрствамі і ведамствамі, якія ўцягнутыя ў гэтую працу. І Дзярждэпартамент, і Міністэрства гандлю, і Міністэрства фінансаў, і астатнія арганізацыі, якія ў гэта ўцягнуты. Гэтае рашэнне прынята», — падкрэсліў Джон Коўл.