Пра хуткае адкрыццё гатэля «Нёман» (былы гатэль «Беларусь») паведаміў Юрый Караеў падчас прэс-канферэнцыі 10 верасня. У «Нёмане» заканчваюць аздабленне, а капітальны рамонт будынка ўнутры і звонку ўжо скончаны, піша «Гродна Плюс».
Таксама там устанавілі ліфты. У гатэлі прадугледжана 197 нумароў. Усяго «Нёман» будзе ўмяшчаць каля 300 гасцей.
Чаму ў Гродне дзве гасцініцы «Нёман»?
Капітальны рамонт гатэля пачалі ў 2018 годзе, калі яго выкупіў баранавіцкі інвестар. Праз год там замянілі сістэмы ацяплення і водазабеспячэння, з пятага па сёмы паверхі памянялі электрыку, устанавілі відэаназіранне, тэлефанію і інтэрнэт, замянілі вокны.
Планавалася, што гатэль адкрыецца да верасня 2020 года. Праз чатыры гады Каранік паведаміў, што да канца 2024 рэканструкцыя гатэлю скончыцца.
У сакавіку 2025 у гатэля змянілася назва. «Беларусь» замянілі на «Нёман». У Гродне ўжо ёсць гасцініца з аналагічнай назвай. Як аказалася, паўтор не выпадковы — у абодвух будынкаў адна юрыдычная асоба «Гасцінічная гаспадарка». Таму назвы прадублявалі. У выпадку з гасцініцай пакінулі рускае напісанне, для гатэля — беларускае.