Аб’ява пра пошук супрацоўнікаў у кампанію «Цэмбуд» з пазнакай «тэрмінова» з’явілася ў Telegram-канале дзяржаўнага выдання «Гродзенская праўда». Дакладна такіх жа спецыялістаў на прадпрыемстве шукалі таксама тэрмінова і паўгода таму. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, колькі наогул супрацоўнікаў патрабуецца «Цэмбуду» і каго шукаюць.
Унітарнае прадпрыемства «Цэмбуд» створана ў 2002 годзе на базе «Краснасельскбудматэрыялаў». Кампанія займаецца будаўнічымі і мантажнымі работамі, рамонтам абсталявання для цэментнай вытворчасці, выпускае тратуарную плітку і бетонныя сумесі.
У «Цэмбуда» ёсць некалькі вытворчых участкаў. Адзін з іх працуе і ў Гродне — па адрасе: вул. Горкага, 100, на тэрыторыі былога завода КСМ (цяпер гэта філіял № 5 Гродзенскага КСМ ААТ «Краснасельскбудматэрыялы»).
Мяркуючы па аб’яве, на гродзенскім рамонтна-механічным участку не хапае слесараў-рамонтнікаў, токараў, страгальшчыкаў, фрэзероўшчыкаў, шліфоўшчыкаў і электразваршчыкаў.
Згодна з вакансіяй, размешчанай на сайце дзяржаўнай службы занятасці, такар можа атрымаць заробак ад 400 да 1800 рублёў. Слесарам-рамонтнікам прапануюць ад 1700 да 2800 рублёў, а страгальшчыку — ад 1400 да 2400 рублёў.
На прадпрыемстве «Цэмбуд» адкрыта 42 вакансіі на 59 працоўных месцаў. Сярод іх — вартаўнікі, асфальтабетоншчыкі, вадзіцелі легкавых аўтамабіляў, дахавікі, падсобныя рабочыя, арматуршчыкі, прыбіральшчыкі. Таксама патрэбны машыністы кранаў і бульдозераў, муляры з заробкам да 3500 рублёў і шмат мантажнікаў.
Праўда, не заўсёды пазначана, на якім участку прапануецца праца. Галаўная вытворчасць і юрыдычны адрас прадпрыемства знаходзяцца ў Ваўкавыску, таму, магчыма, большасць супрацоўнікаў патрэбныя менавіта там.