Пасля таго, як на гродзенскага інстаграмнага сабаку Барона выклікалі службу адлову, яму знайшлі ператрымку. Але ён усё яшчэ мае патрэбу ў пастаянным доме. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў Instagram-акаўнце Барона.

У панядзелак, 8 верасня, у сторыс бяздомнага гродзенскага сабакі з’явілася паведамленне, што супрацоўнікам Спецаўтагаспадаркі даручылі адлавіць Барона. У публікацыі адзначалася, што яго далейшы лёс можа быць пад пагрозай. Паводле правілаў, у жывёл, якія трапляюць у САГ, ёсць толькі некалькі дзён, каб іх забралі ўладальнікі ці новыя гаспадары.

Гродзенцы пачалі актыўна шукаць сабаку ператрымку ці ўладальнікаў. Амаль праз суткі ў сторыс распавялі, што гэта ўдалося. Сабака знайшоў часовую ператрымку. «Вядома, гэта зусім не тое, да чаго ён прывык, але ў яго з’явіўся шанец быць у бяспецы. Гэта не яго звыклая свабода, але дакладна лепш, чым апынуцца ў руках бязлітасных людзей ці страціць жыццё. Цяпер у яго ёсць шанец дачакацца свой дом», — гаварылася ў паведамленні.

«Ёсць шанец дачакацца свой дом». Гродзенскаму інстаграмнаму сабаку Барону знайшлі часовую ператрымку

Чорны сабака Барон гуляў па гродзенскім цэнтры некалькі гадоў. Сабака не быў агрэсіўным. Высветлілася, што ён прышчэплены. У 2021 годзе супрацоўнікі кавярні «Наша кава» завялі для сабакі старонку ў Instagram. Так яны хацелі знайсці для жывёлы новы дом.

Неабыякавыя гродзенцы сабралі грошы на куплю будкі для Барона. Апошняя публікацыя ў акаўнце сабакі датуецца летам 2024 года. У ёй ад імя Барона расказваюць, што будку адправілі ў САГ. «Там яна будзе больш карыснай», — адзначалі аўтары.