Гродзенец Рыгор Марабян праз свой Instagram шукае пакупніка для былога ваеннага аэрадрома ў пасёлку Рось пад Ваўкавыскам. Мужчына адзначае, што тут можна пабудаваць паспяховы бізнес.

Да продажу Рыгор прапануе частку былога аэрадрома плошчай 6 тыс. м. кв. Мужчына адзначае, што да тэрыторыі пракладзена добрая дарога — яна вядзе да Гродна. Па словах Рыгора, адміністрацыйныя пабудовы можна перарабіць пад офісы, а ангары «ідэальна падыдуць для вытворчасці драўніны». На тэрыторыі аэрадрома ёсць электраэнергія.

Кошт нерухомасці Рыгор пакуль не агучыў. Кажа, аб растэрміноўцы, «магчыма, можна будзе дамовіцца». Гродзенец не з’яўляецца ўласнікам аэрадрома, але атрымаў ад уладальніка дазвол на здымку і рэкламу.

Аэрадром пад Россю выстаўлялі на аўкцыён у красавіку 2022. Па ўмовах аўкцыёну пакупнік мог змяніць прызначэнне аб’екта і пабудаваць там прадпрыемства, навуковы цэнтр, лагер або турбазу. Тады стартавая сума лота склала 158 тыс. руб.