Беларусы ўсё яшчэ не могуць атрымаць бясплатную вакцыну ад віруса папіломы чалавека (ВПЧ). Уводзіць першую дозу вакцыны павінны былі яшчэ вясной 2025 года. Але з-за лагістычных затрымак тэрміны змяніліся, піша «Наша Ніва».

Па версіі Міністэрства аховы здароўя, затрымка ўзнікла з-за пастаўшчыка, з якімі вяліся перамовы. «Беларускія спецыялісты да гэтага часу не атрымалі ад вытворцы інфармацыю аб праходжанні фінальнага кантролю якасці», — паведаміла ў жніўні 2025 Міністэрства.Таму кантракт з пастаўшчыком разарвалі.

Цяпер будуць праводзіць новую працэдуру дзяржзакупкі. На вакцыну ад ВПЧ планавалі вылучыць 12 млн руб.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», калі дамову з пастаўшчыком падпішуць, вакцынацыю могуць пачаць ужо ў кастрычніку. У прыярытэце на вакцынацыю — дзяўчынкі-падлеткі і дзяўчынкі 2014 года нараджэння.

Да разрыву адносін з пастаўшчыком Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што вакцынацыя дзяўчынак 2014 года нараджэння пачнецца ў красавіку-траўні (1-я доза вакцыны) і ў кастрычніку-лістападзе (2-я доза вакцыны).

Чаму важна прышчапляцца ад ВПЧ

Вакцынацыя супраць ВПЧ дапамагае абараніць жанчын ад раку шыйкі маткі. Эфектыўнасць прышчэпкі перавышае 90%.

У Беларусі рак шыйкі маткі займае другое месца сярод самых распаўсюджаных анкалагічных захворванняў у жанчын. Штогод у краіне дыягнастуецца больш за 900 выпадкаў гэтай хваробы, саступаючы па частаце толькі раку грудзей.

Чытайце таксама: «Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма