Гродна ўключылі ў лік трох гарадоў Беларусі з найлепшай якасцю атмасфернага паветра нараўне з Брэстам і Мінскам. Паводле звестак Белгідрамета, паказчыкі ў горадзе ў асноўным ацэньваюцца як «вельмі добрыя» або «добрыя», паведамляе Тэлерадыёкампанія «Гродна».

Аднак, якасць паветра ацэньвалі толькі па двух паказчыках — аксідзе азоту і аксідзе вугляроду, пры гэтым іншыя важныя забруджвальнікі, такія як дробнадысперсныя часціцы PM2,5, у афіцыйнай статыстыцы не адсочваюцца.

Як вымяралі чысціню паветра ў Гродне

Якасць паветра ацэньвалі па ўзроўнях аксіду азоту і аксіду вугляроду. Яны не перавышаюць дапушчальных значэнняў:

  • Аксід азоту: 0,2−0,8 мг/м3
  • Аксід вугляроду: 0,5−0,7 мг/м³

Сістэма назіранняў працуе з 1974 года. Сёння ў Гродне дзейнічаюць тры пункты з ручным адборам пробаў і адна аўтаматычная станцыя з анлайн-вымярэннямі.

Адзінае нязначнае перавышэнне фіксуецца па фармальдэгідзе ў цёплую пару года. Гэта звязана з прыроднымі працэсамі, а не з прамысловымі выкідамі.

Гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі для аксіду азоту (NO₂) — 0,4 мг/м³ (сярэднясутачная норма) і для аксіду вугляроду (CO) — 3 мг/м³. Па гэтых паказчыках паветра ў Гродне бяспечнае і не ўяўляе пагрозы для здароўя.

Уплыў аўтатранспарту на якасць паветра, паводле інфармацыі Белгідрамета, таксама мінімальны і выяўляецца толькі ў гадзіны пік, калі канцэнтрацыі злёгку павышаюцца, але не дасягаюць перавышаючых значэнняў.

"Гродна Азот". Фота: iStock
У Гродне шмат прадпрыемстваў, якія патэнцыйна могуць уплываць на якасць паветра ў горадзе. Фота: iStock, носіць ілюстрацыйны характар

Што не ўлічылі, вымераючы забруджванне паветра ў Гродне

Ёсць і іншыя паказчыкі, якія гавораць пра чысціню паветра ў гарадах. Гэта наяўнасць у атмасферы часціц PM2,5.

Што за PM?
— Часціцы класа PM 10 — гэта пыл і рэчывы дыяметрам 10 мікрон і менш.
— Часціцы класа PM 2,5 — гэта дробнадысперсныя часціцы і пыл памерам 2,5 мікрона і менш.
PM 2,5 — гэта больш дробны пыл, які больш шкодны для здароўя, бо можа пранікнуць глыбока ў лёгкія.
Афіцыйна ў рамках Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Беларусі часціцы PM2,5 манітораць толькі ў Мінску і Жлобіне. Таму ў «Гроднааблгідрамеце» пра гэтыя часціцы нічога не паведамілі.

Дзе знайсці інфармацыю пра забруджванне паветра ў вашым горадзе

Атрымаць звесткі пра забруджванне паветра ў Гродне можна на анлайн-сэрвісах маніторынгу, напрыклад, на сайце арганізацыі IQAir. Паводле інфармацыі рэсурсу, 3 верасня ўтрыманне цвёрдых часціц PM2,5 у гродзенскім паветры склала 13 мкг/м³, а індэкс якасці паветра — 58, што адпавядае ўмеранаму ўзроўню. Гэтыя звесткі мадэлююцца сістэмай на падставе даных спадарожнікавых назіранняў. Гэта значыць, яны не з’яўляюцца дакладнымі.

IQAir выкарыстоўвае сістэму ацэнкі якасці паветра па індэксах:

  • добра (0−50),
  • сярдне (51−100),
  • шкодна для уразлівых груп (101−150),
  • шкодна (151−200),
  • вельмі шкодна (201−300),
  • небяспечна (301+).

Адсачыць розныя паказчыкі можна таксама на сайце aqi.in — анлайн-платформе Air Quality Index (AQI), якая збірае звесткі з розных станцый назірання і паказвае бягучы ўзровень забруджвання паветра ў гарадах і рэгіёнах.

Па стане на 3 верасня, паводле звестак гэтых сэрвісаў, паветра ў Гродне па ўсіх вымяраных паказчыках — аксідах вугляроду і азоту, а таксама цвёрдых часціцах — адпавядае норме і лічыцца здаровым і бяспечным для ўсіх.

Напрыклад, 12 сакавіка гэтага года паветра ў Гродне было самым брудным у краіне. Яго індэкс, згодна з сайтам арганізацыі IQAir, складаў 112. Прычынай такіх высокіх паказчыкаў тады магла стаць пясчаная бура, якая прыйшла ў Беларусь з Афрыкі.

Як абараніць сябе ад дрэннай якасці паветра?

Усталюйце бясплатнае прыкладанне для атрымання папярэджанняў і прагнозаў якасці паветра ў рэжыме рэальнага часу.

Калі інфармацыя пра дрэннае паветра пацвярджаецца — зачыніце дзверы і вокны, пераключыце сістэму ацяплення, вентыляцыі і кандыцыянавання паветра ў рэжым рэцыркуляцыі.

Пры дрэннай якасці паветра заставайцеся ў памяшканні, а калі вам усё ж давядзецца выйсці на вуліцу, надзеньце маску KN95/FFP2.

Выкарыстоўвайце ачышчальнік паветра для фільтрацыі часціц, газаў і іншых забруджвальных рэчываў.