У Гродзенскай вобласці, паводле дадзеных Telegram-канала «Суды, затрыманні. Гродна і вобласць», адбываюцца масавыя затрыманні па справе «Беларускага Гаюна». Дакладная колькасць затрыманых невядомая.

Таксама затрыманні адбываюцца ў Гомельскай вобласці, дзе з пачатку 2025 года было арыштавана ўжо больш за 250 чалавек. Праўда, афіцыйнай інфармацыі пра затрыманні няма (як і па Гродзенскай вобласці).

Мясцовае выданне «Флагшток» высветліла прыблізную колькасць затрыманых на Гомельшчыне, пагутарыўшы з сябрамі і блізкімі фігурантаў спраў.

Паводле інфармацыі выдання, у сілавікоў ёсць ID ўсіх, хто адпраўляў паведамленні ў «Гаюн», ёсць тэксты паведамленняў і назвы адпраўленых кожным карыстальнікам файлаў, але няма саміх файлаў, а толькі «іконкі» фота і відэа.

Затрыманым сілавікі «падсоўваюць» відэа і фота, якія былі апублікаваныя «Гаюном», патрабуючы прызнання, што менавіта гэты кантэнт адправіў карыстальнік.

«Беларускі Гаюн» — незалежны маніторынгавы праект, які збіраў дадзеныя аб перамяшчэнні войскаў у Беларусі праз Telegram-бот. У 2022 годзе ўлады прызналі яго «экстрэмісцкім фарміраваннем». У лютым 2025 года заснавальнік праекта Антон Матолька аб’явіў пра яго закрыццё: бот узламалі, улады атрымалі доступ да дадзеных людзей, якія дасылалі інфармацыю. Матолька папярэдзіў пра рызыку затрыманняў і раіў карыстальнікам памяняць акаўнты. Неўзабаве каналы, звязаныя з сілавікамі, паведамілі пра першых затрыманых, а да чэрвеня праваабаронцы гаварылі ўжо пра прыкладна 20 чалавек.

Напрыклад, у Гродне ў сакавіку 2025 года за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці ўзбудзілі крымінальную справу ў дачыненні да 20-гадовага навучэнца Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя І. Шчаснага.

Хлопец у перыяд з 2022 года па 3 сакавіка 2025 года перасылаў паведамленні ў чат «Беларускі Гаюн», прызнаны ў сакавіку 2022 года экстрэмісцкім фарміраваннем. У тым ліку пісаў пра перамяшчэнне ваеннай тэхнікі ў Беларусі.