У Ашмянскім раёне падчас раскопак археолагі выявілі ўнікальныя знаходкі, самая каштоўная з якіх — паясная зашпілька ўзростам каля 1800 гадоў. Артэфакт сведчыць, што жыццё ў Гальшанах існавала амаль за тысячу гадоў да іх першага згадвання ў пісьмовых крыніцах у 1280 годзе, паведамляе РТР-Беларусь.
Таксама археолагі знайшлі сляды стаянак каменнага веку, прадметы эпохі неаліту, нацельныя крыжы і абярэгі XI стагоддзя, а таксама наканечнікі стрэл гунаў.
Па словах навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Паўла Кенько, у Гальшанах прасочваецца «сумесь звычаяў»: тут сустракаліся як крэмацыя паводле язычніцкага абраду, так і хрысціянская інгумацыя, гэта значыць, пахаванне ў зямлі.

Навукоўцы таксама знайшлі сляды гунаў — наканечнікі стрэл, якія даказваюць, што ў V стагоддзі яны ўсё ж прайшлі праз гэтыя землі, хоць раней лічылася, што абышлі іх бокам.

Раскопкі на Гальшанскім археалагічным комплексе вядуцца ўжо каля 20 гадоў. У экспедыцыях удзельнічаюць не толькі прафесійныя археолагі, але і школьнікі.
Дарэчы, у 2019 годзе, падчас раскопак каля Гальшан і вёскі Шчапанавічы, даследчыкі знайшлі ўпрыгажэнні X стагоддзя. Тады археолагі раскапалі язычніцкае калектыўнае пахаванне чатырох мужчын і жанчыны з багатым наборам рэчаў: бранзалетамі, грыўнямі, фібуламі.
Гэтыя знаходкі паказалі даследчыкам, што рэгіён быў важным фарпостам у часы паходаў кіеўскіх князёў на ўсходнебалтыйскія плямёны.