Эканамічны суд Гродзенскай вобласці аштрафаваў індывідуальнага прадпрымальніка, у якога не было неабходных дакументаў на 120 папугаяў.

Гродзенец планаваў адкрыць папугайню ў адным з гандлёвых цэнтраў. Ён набыў папугаяў, аднак дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць іх набыцця, у яго не было. Агульны кошт птушак — каля 3000 рублёў.

Склалі пратакол па артыкуле 13.12 КаАП — «Парушэнне парадку набыцця, захоўвання, выкарыстання ў вытворчасці, транспарціроўкі, водпуску і рэалізацыі тавараў». Гэты артыкул прадугледжвае штраф да 50% ад кошту тавару без неабходных дакументаў або выручкі, атрыманай ад яго рэалізацыі.

Прадпрымальнік прызнаў віну. Раней да адказнасці за падобныя парушэнні ён не прыцягваўся, а таксама выхоўвае малалетняе дзіця. Суд улічыў гэтыя абставіны як змякчальныя. У выніку мужчыне прызначылі штраф у памеры 30% ад кошту папугаяў — 900 рублёў.