Журналіст Руслан Кулевіч рыхтуе да выпуску кнігу «Апошнія звесткі Гродна» — трэцюю частку з цыклу з успамінамі гродзенцаў 1920−1940-х гадоў. Новая кніга ўключае гісторыі з Гродна, сабраныя да 2020 года, і апавяданні рэпатрыянтаў, якія пакінулі горад.
— Назва кнігі — «Апошнія сведкі Гродна» — невыпадковая. Я дакладна стаўлю кропку ў зборы ўспамінаў пра 1920−40-я гады. За восем гадоў я запісаў каля сотні гісторый гродзенскіх старажылаў і сабраў некалькі соцень архіўных фотаздымкаў. Такую працу, магчыма, больш ніхто не зможа паўтарыць. Не таму, што яна асабліва складаная, а таму, што многіх людзей ужо няма з намі. <…>Беларускія і расійскія прапагандысты спрабуюць навязаць нам чужыя вобраз мінулага. А гэтая кніга — жывыя, шчырыя ўспаміны зусім розных людзей, якія не былі знаёмыя адзін з адным, але іх усіх аб’ядноўвае Гродна. Яны жылі і працавалі ў нашым горадзе ў польскі перыяд, падчас савецкай улады, нямецкай акупацыі і ўжо ў незалежнай Беларусі, — напісаў Руслан у прадмове.
Гродзенцы Гродна і замежжа
Кнігу планавалі выдаць яшчэ ў 2020-м годзе, але праца зацягнулася. Цяпер яна ўключае 23 гісторыі: палова — гродзенцы Гродна, палова — гродзенцы замежжа, якія пакінулі краіну пасля Другой сусветнай вайны. Гэта апавяданні людзей з Расіі, польскіх Лодзі, Беластока, Варшавы, Шчытна і інш. Другую палову Руслан запісваў ужо ў Польшчы.
-Я бачу, што гісторыя паўтараецца. Як яны з’язджалі і беглі ад савецкай улады, так і мы цяпер бяжым ад рэжыму Лукашэнкі, ад расіян, якія займаюць наша месца. Усе героі, якіх я запісваў тут у Польшчы — яны чагосьці дамагаліся. І я бачу, што мы з’ехалі - мы таксама чаго то дамагаемся, і мы падобныя, — лічыць Руслан.

Людзі, якія пакінулі родны горад у 1945-м, да гэтага часу называюць сябе «гродзенцамі». Як правіла, людзі самі прыходзілі да Руслана і распавядалі свае гісторыі. Сярэдні ўзрост гэтых людзей — 94 гады. Самая пажылая гераіня — 1918 года нараджэння.
Двойчы падчас інтэрв'ю жыхары Польшчы казалі пра былых суседзяў у Гродне, якіх Кулевіч ужо запісваў. Ім ён ладзіў «тэлемост» — людзі змаглі пагаварыць праз дзясяткі гадоў. Ці падтрымліваюць яны кантакт, ён не ведае.
На вокладцы — фатаграфія героя кнігі, які ідзе з бацькамі па Гродне. На фоне — польскі афіцэр. Гэта ж выява з’явілася ў 2020-м годзе на сцяне ў гродзенскім дворыку АВС. Праўда, без польскага афіцэра. На вокладцы кнігі — арыгінал.
Як гродзенцам прачытаць кнігу Кулевіча
Кулевіч называе сябе апошнім чалавекам, які запісваў успаміны пажылых гродзенцаў. Усяго Руслан запісаў больш за 100 гісторый старажылаў, выпусціў дзве кнігі, сабраў некалькі сотняў старых фатаграфій. Атрымалася здзейсніць адкрыцці: напрыклад, дзякуючы Руслану даведаліся, што пляж «Усікі» называецца так у гонар сям'і, якая там жыла.
Кніга выйдзе ў беластоцкім выдавецтве «Камунікат» накладам 200 асобнікаў. Неўзабаве адкрыецца перадзамова. Прэзентацыі пройдуць у верасні. Каштаваць кніга будзе да 50 злотых (да 40 рублёў). Таксама дадрукуюць першыя дзве часткі. Для гродзенцаў Руслан выкладзе электронныя версіі ў электроннай бібліятэцы kamunikat.org. Таксама ўсе тры кнігі неўзабаве выйдуць пад адной вокладкай у перакладзе на польскую.
У будучыні Руслан падумвае выпусціць альбом старых фатаграфій і заняцца гісторыяй Гродзенскага футбола.
Чытайце таксама: «Хто нас, пенсіянераў, ведаў? А ён зрабіў нас героямі». У Гродне прадставілі новую кнігу Руслана Кулевіча