З 1 верасня зменяцца правілы дарожнага руху. Згодна з імі, веласіпедыстаў абавяжуць спешвацца перад скрыжаваннем праезнай часткі. Гродзенец Яўгеній праверыў, як будзе выглядаць паездка ад вуліцы Соламавай да Панямуньскай з улікам новых абмежаванняў.

На Pravo.by апублікавалі Указ Прэзідэнта ад 4 жніўня 2025 года. Веласіпедыстаў і вадзіцеляў іншых сродкаў персанальнай мабільнасці (электрасамакатаў, гіраскутараў, манаколаў і г. д.) абавязваюць спешвацца перад праезнай часткай.

З’явіліся і новыя забароны:

  • У населеных пунктах нельга ехаць з хуткасцю больш за 10 км/г па звычайных дарогах.
  • Дзеці да 14 гадоў больш не змогуць кіраваць транспартам на дарозе без суправаджэння паўналетняга (за выключэннем жылых зон).
  • Нельга ехаць па тратуары, калі вага транспарта большая за 35 кг.
  • Нельга рухацца па пешаходнай зоне.

Змяненні ў ПДР набудуць моц 1 верасня.

«19 разоў за 6 км шляху — гэта наогул нармальна?»

Гродзенец Яўгеній падлічыў, колькі разоў яму давядзецца сысці з веласіпеда, калі ён будзе ехаць па новых правілах. Па дарозе ад вуліцы Соламавай да Панямуньскай ён спыніўся 19 разоў. Працягласць маршруту, па якім ехаў Яўгеній, шэсць кіламетраў. «19 разоў спешыцца за шэсць км шляху, гэта наогул нармальна?» — напісаў у Threads гродзенец.

У каментарах меркаванні карыстальнікаў падзяліліся. Адны рады зменам у ПДР. Іншыя адзначаюць, што цяпер ездзіць на веласіпедзе будзе складаней.

«Мінск. 35 разоў (спешванняў —Hrodna.life) да працы», — піша odim_gunter.

«У мяне нуль на любым маршруце», — адзначае anatolbiazruchanka.

«Як гэта па-ідыёцку, прымушаць веласіпедыстаў ездзіць па тратуарах», — лічыць slavich.87.

«Ну і добра. Так вам і трэба», — выказваецца maxkarabak.

Чытайце таксама: «Стаміўся пераскокваць сабачак і дзетак». Веласіпедысты не могуць дамовіцца з пешаходамі ў Пышках