Асобы каментатараў, якія выказаліся аб забароне музыкі ў гродзенскіх дварах, устанаўліваюць сілавікі. Тых, хто «не саромеецца ў выказваннях і кажа, што ва ўсім вінаватая ўлада», выклікаюць на «гутаркі», паведамляе праўладны Telegram-канал «Гродненские сливы».

Аўтары публікацыі нагадалі, што ў лічбавую эпоху «ананімнасць — гэта ілюзія». І заклікалі беларусаў «быць гатовымі адказаць у рэальным жыцці» за каментары і выказванні ў інтэрнэце.

«Тых, хто перастараўся, відавочна перайшоў планку, чакае „ўзнагарода“», — пішуць аўтары канала. Ці значыць гэта, што ім пагражае адміністрацыйная ці крымінальная адказнасць, не ўдакладняюць.

На цішыню ў цэнтральных дворыках Гродна гараджане звярнулі ўвагу у панядзелак, 18 жніўня. У інтэрнэце з’явілася некалькі відэа, дзе гродзенцы скардзіліся на забарону і адзначалі, што горада пазбавілі візітнай карткі.

Рэагуючы на незадаволенасць гараджан, Гродзенскі гарвыканкам паведаміў, што забароны на выступы музыкаў няма. Цяпер улады працуюць над тым, каб «прывесці творчыя пляцоўкі ў прававое поле, зрабіўшы іх зручнымі і бяспечнымі для кожнага».

Чытайце таксама: Сілавікі просяць апазнаць гродзенцаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах