У вёсцы Забярэзіна, што прыкладна ў 50 кіламетрах ад Гродна, мясцовыя жыхары сутыкнуліся з праблемай — у населены пункт не заўсёды прыязджае аўталаўка. Машына павінна з'ўляцца двойчы на тыдзень, але на справе яе бачаць тут прыкладна раз на сем дзён ці яна зусім прапускае вёску. Для жыхароў гэта сапраўдная бяда: стацыянарнай крамы няма, а лаўка на колах — адзіны спосаб купіць прадукты.

Пра сітуацыю расказвае сайт раённай газеты «Перспектыва» proregion24.by, куды звярнуліся вяскоўцы. У рэдакцыю патэлефанавала Зінаіда Уладзіміраўна:

— Нам ужо нямала гадоў: мне 74 гады, мужу — 84. У такім узросце кожнаму чалавеку неабходны малочныя прадукты. Але якраз іх мы набыць не заўсёды можам. З прывозам смятаны складанасці, малака пастаянна не хапае.

З-за таго што аўталаўка ў вёску прыязджае ў лепшым выпадку раз на тыдзень, людзі імкнуцца рабіць запасы. Раней гэта ўдавалася, але цяпер і з гэтым узніклі праблемы.

— Я так разумею, калі замовіла пяць пакетаў малака, то столькі і павінны прывезці. Але апошнім разам мне толькі адзін прадалі. Прадавец патлумачыла, што больш няма. Як у такім выпадку фарміруюць заяўку, навошта тады спісы? — здзіўляецца жанчына. — Можа, камусьці падасца дзіўным, але часамі хлеб складана купіць.

Акрамя таго, аўталаўка прыязджае з затрымкай: то ў пяць, то ў сем вечара, і вяскоўцам даводзіцца чакаць па некалькі гадзін. Якая кампанія абслугоўвае вёску, пенсіянерка дакладна не ведае. Паводле яе слоў, гэта прыватная арганізацыя.

Жыхары паскардзіліся і ў райвыканкам. У Забярэзіна выязджалі прадстаўнікі аддзела эканомікі, гандлю і паслуг разам са старшынёй Азёрскага сельсавета. Улады паабяцалі разабрацца з сітуацыяй і знайсці рашэнне.

У 2019 годзе ў вёсцы ўжо ўзнікала падобная праблема. Тады Забярэзіна абслугоўвала аўталаўка раённага спажывецкага таварыства. У нейкі момант крама на колах проста перастала прыязджаць — у арганізацыі не хапала прадаўцоў.