У лічбах даходы жыхароў Гродзенскай вобласці выраслі на 10% за паўгода 2025-га, калі параўноўваць з тым жа перыядам мінулага года. Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Гродзенскай вобласці падзялілася дадзенымі аб даходах жыхароў Гродзеншчыны.

За шэсць месяцаў жыхары вобласці зарабілі больш за 8,3 мільярда рублёў.

Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — гэта адзін з ключавых паказчыкаў эканомікі, па якім ацэньваюць узровень жыцця. Ён адлюстроўвае, колькі грошай у людзей застаецца пасля выплаты падаткаў, збораў і ўзносаў, з улікам росту цэн (інфляцыі).

Большая частка даходаў — 64,5% — гэта заработная плата. У мінулым годзе за год гэтая лічба была 64,8%.

Жыхары Гродзенскай вобласці сталі атрымліваць больш: сярэднія заробкі ў рэгіёне
Інфаграфіка grodno.belstat.gov.by

24,1% — гэта трансферты насельніцтву (стыпендыі, пенсіі, дапамогі). У мінулым годзе гэтая лічба за год была 23,8%.

7% — даходы ад бізнесу (у мінулым годзе за год — 7,4%)
4,4% — даходы ад уласнасці (у мінулым годзе за год — 4%).

Дарэчы, сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў Гродзенскай вобласці па выніках чэрвеня 2025 года склала 2 420,6 рублёў.

Самыя вялікія заробкі — у ІТ-сферы — 4008,9 рубля, затым будаўніцтва — 3058,3 рубля, на трэцім месцы — фінансавая і страхавая дзейнасць — 2909,6 рублёў. Далей — прамысловасць, дзе сярэді заробак складае 2798,4 рубля. А вось у ахове здароўя сярэдні заробак — 2030,2 рубля, у адукацыі — 1920 рублёў.

Жыхары Гродзенскай вобласці сталі атрымліваць больш: сярэднія заробкі ў рэгіёне
Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў Гродзенскай вобласці па выніках чэрвеня 2025 і разбіўка па сферах эканомікі. Інфаграфіка: grodno.belstat.gov.by

Інфляцыя і цэны

У чэрвені ў Беларусі гадавая інфляцыя, паводле звестак Белстата, разагналася да 7,3%. Пры гэтым цэны на прадукты выраслі на 10,5%. Гадавая інфляцыя на нехарчовыя тавары склала 3,2%, а на платныя паслугі — 7,1%.

З мая па чэрвень цэны выраслі на 0,9%. Прадукты падаражэлі на 1,7%, нехарчовыя тавары — на 0,04%, паслугі — на 0,5%.

Улады планавалі ўтрымліваць інфляцыю ў 2025 годзе на ўзроўні да 5%. Нагадаем, у 2022 годзе ў краіне дзейнічала жорсткае рэгуляванне цэн, але ў красавіку 2025 года правілы змякчылі, што і прывяло да паскарэння інфляцыі.