У Шчучынскім раёне рабочыя расчышчалі ўчастак ад кустоў і дрэў і памылкова знеслі жылы дом і пабудовы. Сам участак аддалі пад пасевы, паведамляе БЕЛТА.
Яшчэ ў 2022 годзе гаспадыня зямлі папрасіла мясцовую сельскую гаспадарку дапамагчы навесці парадак на сваёй тэрыторыі: прыбраць кусты і дрэвы. Увосень супрацоўнікі прыехалі і заадно знеслі пабудовы, у тым ліку і дом.
Жанчына звярнулася ў суд. Там яна і агракамбінат дамовіліся: прадпрыемства аплаціць ёй шкоду, пакрые судовыя выдаткі і дзяржпошліны.
Пракурорская праверка паказала, што рашэнне знесці дом і ўключыць зямлю ў севазварот прыняў дырэктар філіяла агракамбіната. Пракуратура падала іск у суд, каб ён вярнуў прадпрыемству грошы, выплачаныя жанчыне.
На судзе дырэктар адмаўляў сваю віну, але доказы паказалі адваротнае. Суд Шчучынскага раёна пастанавіў спагнаць з яго больш за 9 тысяч рублёў на карысць агракамбіната.