Паўразбураны дом стаіць на пад’ездзе да Ашмянаў на вуліцы Гальшанскай, 75. Гаспадары выехалі з яго каля сямі гадоў таму, але знесці пабудову мясцовыя ўлады не могуць. «Гродзенская праўда» разабралася, чаму.

Жыхарам прапаноўвалі адмовіцца ад права ўласнасці на дом

Мясцовыя жыхары былі незадаволены і домам, і суседзямі. Па іх словах, у ім пражывала некалькі вялікіх сем’яў, якія шумелі і збіраліся кампаніямі. «Нават пры іх пражыванні дом меў непрывабны выгляд», — адзначаюць жыхары Ашмян.

Паводле інфармацыі Ашмянскага райвыканкама, у доме зарэгістравана дзевяць грамадзян, з іх два памерлі, адзін асуджаны і адзін знаходзіцца ў вышуку. Звесткі ў ОУС мясцовага райвыканкама іншыя — у доме зарэгістравана 16 чалавек, пяць з якіх непаўналетнія.

Яшчэ ў 2021 годзе мясцовая газета «Ашмянскі веснік» паведамляла аб праблемным доме. У выданні выйшла публікацыя пад загалоўкам «Чаму адзінаццаць гаспадароў дома па вуліцы Гальшанскай не хочуць сачыць за станам сваёй маёмасці».

Тады райвыканкам прапанаваў гаспадарам адмовіцца ад уласнасці. У такім выпадку дом можна было прызнаць пустым і знесці. Але жыхары прапанову адхілілі.

Мясцовыя ўлады праводзяць расследаванні, каб знайсці гаспадароў дамоў

Згодна з Указам Прэзідэнта № 116 ад 24 сакавіка 2021 года пустым прызнаецца дом, калі ўласнікі не пражываюць у ім на працягу трох гадоў (у аварыйным — больш за год). Калі ўладальнік не адказвае на апавяшчэнні аб далейшым выкарыстанні будынка, а таксама не прыводзіць яго ў парадак, гэта расцэньваюць як адмову ад права ўласнасці.

На практыцы складанасці ўзнікаюць, калі трэба ўстанавіць месцазнаходжанне ўласніка, каб уручыць яму апавяшчэнне. Тады мясцовыя ўлады праводзяць уласныя расследаванні, апытваюць знаёмых і публікуюць звароты ў СМІ. Таксама даводзіцца даведвацца пра магчымыя адрасы ўладальнікаў, у тым ліку і замежныя.

Толькі пасля выканання ўсіх працэдураў мясцовыя ўлады могуць звярнуцца ў суд.

Вырашыць праблему можна, але гэта патрабуе шмат высілкаў і грошай

Прадстаўнікі мясцовых уладаў у адным з рэгіёнаў вобласці сутыкаліся з падобнай сітуацыяй і апісалі працэс адабрання дома.

Жыллё было арэндным. Калі яго стан стаў аварыйным, чыноўнікі сталі высвятляць, хто прапісаны ў доме. Аказалася, там зарэгістравана 14 чалавек.

Па словах уладаў, у такіх выпадках даводзіцца правяраць законнасць прапіскі кожнага з жыхароў, затым — усталёўваць паміж прапісанымі сваяцтва. Пасля высвятляецца фактычнае месца знаходжання людзей. Калі даведацца гэтую інфармацыю не атрымліваецца, чыноўнікі арыентуюцца на рашэнне суда.

Рэзюмуючы сітуацыю з домам у Ашмянах, журналісты «Гродзенскай праўды» мяркуюць, што хутка вырашыць праблему не ўдасца. На гэта спатрэбяцца вялікія фінансавыя затраты і час.

Чытайце таксама: У цэнтры Ліды зносяць адзін з найстарэйшых драўляных дамоў