Мясцовыя ўлады паведамілі, што забароны на выступы музыкаў няма. Інфармацыя з’явілася ў Telegram-канале Гродзенскага гарвыканкама.
«Аднак мы працуем над тым, каб прывесці творчыя пляцоўкі ў прававое поле, зрабіўшы іх зручнымі і бяспечнымі для кожнага», — адзначылі ў гарвыканкаме. Таксама дадалі, што Гродзенскі гарвыканкам заўсёды падтрымліваў і будзе падтрымліваць культурныя ініцыятывы.
Пра тое, што выступленні вулічных музыкаў спыніліся, на пачатку тыдня паведамілі некалькі гараджан. Гродзенцы скардзіліся, што горад пазбавілі візытнай карткі. Супрацоўнікі ўстаноў адзначалі, што цяпер у «дворыках усё вельмі тухла».
Гродзенцы спрабавалі здагадацца, чаму выступленні забаранілі. Сярод магчымых прычын — скаргі жыхароў дамоў у цэнтры Гродна, канфлікты паміж уладальнікамі ўстаноў і перавышэнне дэцыбелаў.
Сітуацыю жыва абмяркоўвалі ў сацсетках. Маркетолаг з Гродна адзначала, што шум у дворыках б’е па продажах суседняй кавярні. Гучалі версіі, што некаторыя ўстановы клікалі музыкаў, не ўзгадняючы іх з рэстаранамі па-суседству. Гэта іх не задавальняла.
Чытайце таксама: У Гродне камунальнікі прыбралі папулярныя, але не ўзгодненыя арэлі з відам на горад