Вулічным музыкам забаранілі выступаць у цэнтральных дворыках Гродна. Пад забарону таксама патрапіла гучная музыка з калонак і дыджэй-сэты. Пра гэта напісалі адразу тры мясцовых жыхара. У сацсетках гараджане абураюцца — гродзенцы лічаць, што забарона пазбавіла горад візітнай карткі.

Карыстальніца пад нікам ЧикаЧика адзначае, што цяпер у Гродне цішыня. «Цяпер у дворыках не будзе музыкі, таму што адмянілі ўсе гэтыя мерапрыемствы і гучную музыку — чыста фонам».

Відэа аб забароне выступленняў апублікаваў і гродзенец bogislavovich. Гараджанін расказвае, што рашэнне яго засмуціла. «Як па мне, тэматычныя дворыкі - гэта візітная картка нашага горада. Дворык на Маставой — крутое месца, бар „Пятніца“, Templ, „Урбаніст“, „Мята“. Заўсёды куча-куча народа па выходных. Б*ць, нейкага х*я ўсё ўзялі забаранілі», — распавёў bogislavovich.

Музыкі ў дворыках Гродна больш не будзе — чаму?

Гродзенцы выказалі меркаванні, чаму выступы забаранілі.

«Музыкам плацілі толькі з рэстыка „Одессы“. Punk-roll і іншая ўстанова, не памятаю назву, не скідваліся грашыма. Таму „Одесса“ вырашыла, што ім не выгадна — людзі сядзяць ва ўсіх установах, а плацяць толькі яны», — пишет leraarbuzik0.

Па сцвярджэннях кавер-бэнда One Day, выступы забаранілі з іншай прычыны. «Мы б і за сімвалічную плату гатовы, але не ў гэтым справа… Бабулі і дзядулі напісалі скаргу, сумна ім стала».

У Threads гродзенка Таццяна мяркуе: музыкі няма з-за таго, што «ў адным з бараў перавысілі дэцыбелы». Гараджанка не разумее, «чаму пакаралі ўсіх, а не толькі гэтую ўстанову».

Гродзенцы: «У дворыках цяпер усё вельмі тухла»

У каментарах меркаванні гродзенцаў наконт забароны падзяліліся. Адны лічаць, што цішыня патрэбная жыхарам бліжэйшых дамоў. Іншыя засмучаныя — цяпер моладзі будзе няма дзе адпачываць.

«Усё правільна зрабілі. Людзі хочуць у сваіх кватэрах адпачываць, а не слухаць музыку пад вокнамі. Забаўляйцеся так, каб нікому не замінаць», — піша Людмила.

«І арэлі знялі. Дворык з музыкай да 23:00, у чым праблема была, навошта забараняць. Я ў шоку», — адзначае К.

«Там (у дворыку Маставой — Hrodna.life) проста грае музыка, а не дыджэй з тусоўкамі. Цяпер усё вельмі тухла, сама там працую», — распавядае aggrieved__.

«Так, у „Одессе“ ўжо ціха, вельмі шкада. І так, я бабка і жыву ў цэнтры — мне ўсё вельмі падабаецца і не перашкаджае», — дзеліцца Мята.

Супрацьстаянне паміж установамі і мясцовымі ўладамі цягнецца ўжо некалькі год. Так, улетку 2020 бар Cuba закрываўся з-за скаргаў на шум — установу абавязалі працаваць да 23:00.

У 2022 годзе на Маставой забаранілі ужываць алкаголь — рашэнне прыняла адміністрацыя будынка.

Чытайце таксама: У Гродне камунальнікі прыбралі папулярныя, але несанкцыянаваныя арэлі з відам на горад