Зою Кулешу, якая з 2013 года займала пасаду намесніцы старшыні Гродзенскага гарвыканкама, прызначылі кіраўніцай Кастрычніцкага раёна Гродна. Пра перастаноўкі ў гродзенскай вертыкалі паведаміў Telegram-канал «Пул 4 Рэгіён».
У гарвыканкаме Зоя Кулеша курыравала пытанні адукацыі, культуры, аховы здароўя, фізкультуры і спорту. Таксама, згодна з сайтам гарвыканкама, у яе абавязкі ўваходзіла інфармацыйная праца з гараджанамі, супрацоўніцтва з палітычнымі партыямі, грамадскімі і рэлігійнымі арганізацыямі, рухамі і аб’яднаннямі. Дарэчы, пачынаючы з 2021 года ў Гродне ліквідавалі больш за 20 грамадскіх арганізацый.
Зоя Кулеша, у прыватнасці, працавала і са зваротамі грамадзян. Напрыклад, яна адказвала на пытанне гараджан аб знікненні памятнага знака паўстанцам 1863−64 гадоў, які ў ліпені 2023 года знік са сцяны чыгуначнага вакзала. У адказе на пытанні гродзенцаў Зоя Кулеша пісала, што Гродзенскі гарвыканкам увогуле не мае звестак пра памятны знак: ні што з ім стала, ні дзе ён знаходзіўся.
Зоі Кулешы 54 гады. Яна нарадзілася ў вёсцы Маркаўцы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1997 годзе скончыла Мінскі медыцынскі інстытут па спецыяльнасці «Медыка-прафілактычная справа». Кандыдат медыцынскіх навук.
Да прызначэння намесніцай старшыні Гродзенскага гарвыканкама, з 2005 года, працавала намесніцай галоўнага дзяржаўнага санітарнага урача Гродна і Гродзенскага раёна — галоўным урачом дзяржаўнай установы «Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».
Кіраўніком Кастрычніцкага раёна Гродна ў красавіку 2024 года быў прызначаны Андрэй Болтрык. З 2014 года ён таксама займаў пасаду намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама і курыраваў пытанні эканомікі.