Старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі напісаў пост у Telegram, дзе паведаміў, што падтрымлівае «місію» Расіі. Успомніў гуманітарныя канвоі і агульную адказнасць.
12 жніўня ў Лідскі раён прыехала моладзь з Алтайскага краю — моладзевы парламент Шалаболіхінскага раёна. Старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі напісаў пра гэта пост. А заадно — прызнаўся ў любові і падтрымцы Расіі.
«Я заўсёды меў і працягваю сілкаваць асаблівае пачуццё да расіян. Гэта не фармальнасць, не спроба падбудавацца пад сітуацыю — гэта шчырая павага, якая фармавалася з дзяцінства. Маё сэрца заўсёды належала Расіі. Я заўзеў за яе каманды, перажываў за яе поспехі. Гэта пачуццё — не паказное, не часовае. Я пра гэта заўсёды казаў адкрыта — і працягваю гаварыць.
Сёння, як старшыня райвыканкама, я цалкам падтрымліваю тую місію, якую выконвае Расійская Федэрацыя. Мы разам дапамагалі - адпраўлялі гуманітарныя канвоі, збіралі рэчы для рабят на лініі баявога судакранання. Гэта наш агульны клопат, наша агульная адказнасць", — напісаў мужчына.
Таксама ён парадаваўся, што ўмацоўваецца давер паміж моладдзю абедзвюх краін, і супрацоўніцтве ў культуры, адукацыі і спорце.
Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі нарадзіўся 4 чэрвеня 1977 года ў вёсцы Куцэвічы Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Беларус. Адукацыя вышэйшая. Паводле адукацыі - настаўнік. Дайшоў да пасады дырэктара СШ № 1 Смаргоні. Потым пайшоў працаваць намеснікам старшыні Смаргонскага райвыканкама.
З 2011 года працаваў у Гродзенскім аблвыканкаме: узначальваў упраўленне культуры, працаваў першым намеснікам, начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, начальнікам Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі. З 2020 па 2024 год працаваў старшынёй Свіслацкага райвыканкама.
Чытайце таксама: