Флігель, які раней быў бібліятэкай Храптовічаў, зноў выставілі на продаж: абвестка аб маючым адбыцца аўкцыёне з’явілася на сайце Гродзенскага аблвыканкама. Пачатковы кошт знізілі да адной базавай велічыні — 42 рублі. У лютым гэтага года бібліятэку спрабавалі прадаць за 184 тысячы беларускіх рублёў.

Аўкцыён адбудзецца 21 жніўня гэтага года.

У аб’яве аўкцыёну напісана, што прадаваць будуць будынак неўстаноўленага прызначэння. У апісанні пазначана, што гэта «двухпавярховы цагляны будынак з бутабетонным склепам, 1730 года пабудовы, сцены цагляныя атынкаваныя, падмурак бутабетонны, бляшаны дах, пячное ацяпленне».

Пад гэтае апісанне падыходзіць толькі флігель-бібліятэка. Будынак ужо шмат гадоў стаіць закінуты. Ён знаходзіцца на балансе аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама.

Яшчэ ў 2019 годзе пракуратура па выніках праверкі паведамляла, што мясцовыя ўлады нічога не робяць для захавання помніка архітэктуры.

Спачатку рэшткі сядзібы хацелі прадаць як адзіны комплекс. Але з 2018 года пачалі выстаўляць асобныя будынкі. Частка з іх ужо прададзена.

Раней на аўкцыён выстаўлялі былыя стайні 1814 года пабудовы і левы флігель (былы дзіцячы садок). Акрамя таго, прадавалі рэшткі гаспадарчых пабудоў — так званую «Мураванку Храптовічаў», гаспадарчы двор у гатычным стылі. Ён быў узведзены ў другой палове XIX стагоддзя. Тут, напрыклад, выраблялі сыр па швейцарскіх тэхналогіях.

У Шчорсах зноў паспрабуюць прадаць бібліятэку, дзе працаваў Адам Міцкевіч. Цяпер амаль за бясцэнак
Бібліятэка ў Шчорсах. Фота: vedi.by

Актывісты змаглі вярнуць у Беларусь некалькі выданняў з былой бібліятэкі

У канцы XVIII стагоддзя апошні канцлер ВКЛ Іаахім Храптовіч сабраў вялікую бібліятэку з заходнееўрапейскіх і польскіх выданняў XV — XVIII стагоддзяў. Была ў бібліятэцы і калекцыя старажытных мапаў.

Дзякуючы вялікай колькасці карысных і рэдкіх выданняў у бібліятэцы, сядзіба Храптовічаў стала культурна-асветніцкім цэнтрам. Сюды прыязджалі навукоўцы, краязнаўцы і пісьменнікі. У тым ліку наведваў бібліятэку і Адам Міцкевіч — менавіта тут ён пісаў паэму «Гражына» і збіраў матэрыялы для «Конрада Валенрода».

У 1913 годзе выданні перавезлі ў Кіеў на часовае захаванне. Больш у Шчорсы кнігі не вярнуліся. Толькі ў лютым 2020 года ў фонда «Шчорсы і Храптовічы» атрымалася вярнуць з Германіі ў Беларусь некалькі кніг з былой бібліятэкі.