Гродзенскія архітэктары прадставілі абноўлены дызайн гарадскіх прыпынкаў, распрацаваны з улікам пажаданняў жыхароў. Асноўныя патрабаванні гараджан да новых павільёнаў былі простымі, але важнымі: абарона ад ветру і дажджу, больш пасадачных месцаў і магчымасць бачыць прыязджаючы транспарт.
Прапанова прывесці ўсе прыпынкі да адзінага стылю прагучала падчас стрыма са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Юрыем Караевым ў траўні — яго агучыла адна з жыхарак горада. Як высветлілася, да таго моманту архітэктары ўжо пачалі працу над тыпавым праектам, распавядае тэлеканал «Беларусь 4. Гродна».
У Гродне сёння налічваецца больш за 500 прыпынкаў, устаноўленых у розны час і ў розным стылі. Гэта прывяло да візуальнай разрозненасці ў гарадскім асяроддзі. Новы праект арыентаваны на навядзенне парадку ў архітэктурным абліччы горада і павышэнне камфорту пасажыраў.
Павільёны будуць выкананы на металічным каркасе, з шкленнем з трох бакоў — для абароны ад непагадзі. Назвы прыпынкаў будуць пазначаныя на дзвюх мовах — рускай і беларускай.
Па словах галоўнага архітэктара горада Дзяніса Конана, новыя прыпынкі з’явяцца ў першую чаргу ў мікарараёнах, якія будуюцца. Старыя будуць паступова замяняць па меры іх рамонту. На павільёнах можа быць рэклама, але яна не будзе перакрываць агляд з таго боку, дзе бачны транспарт, які прыязджае на прыпынак.
Можна будзе ўсталёўваць табло з раскладам і іншыя элементы, з якімі карыстацца транспартам будзе зручней.
Першыя новыя прыпынкі павінны з’явіцца ў Гродне ўжо да канца гэтага года.