Фестываль Lidbeer пройдзе ў Лідзе 13 верасня. Білеты на яго ўжо ў продажы. Сярод хэдлайнераў – расійскія выканаўцы і беларускі інды-гурт. У мінулым годзе замест Lidbeer правялі «ХарчФэст»

У праграме фестывалю: фуд-корты, зоны для адпачынку і горад майстроў – кірмаш, дзе можна купіць ручныя вырабы.

Галоўная сцэна фестывалю будзе знаходзіцца на Дажыначнай плошчы. У афішы — Юлія Савічава, Антон Токараў (фіналіст праектаў “Голас” і “Comedy Батл”) і Аляксандр Пушной (былы ўдзельнік “КВН” і тэлевядучы). Таксама выступіць мінскі інды-гурт «Барысаўскі тракт». Гурт грае ў жанры рэтра-року, а пры напісанні песень натхняецца Мінскам. Сваю творчасць удзельнікі апісваюць як “музычную эклектыку”.  Яшчэ адзін удзельнік — расейскі фолк-рок-гурт The Hatters, які быў створаны ў 2016 годзе ў Санкт-Пецярбургу.

Фестываль пачнецца ў 11.00. Заразквіткі з доступам да галоўнай сцэне каштуюць 79,95 рубля. Білет у VIP-зону абыдзецца ў 215 руб. Ён дае ўваход у асобную лаунж-зону з фуд-кортам, а таксама доступ у “эксклюзіўны бар, кальянную зону і да станцыі з зараднымі”. Ежа, напоі і кальян не ўключаны ў кошт білета.

Ад «Крамбамбулі» да «Ленінграда»: як мяняўся Lidbeer

Lidbeer з’явіўся ў 2015 годзе як сацыяльны праект “Лідскага піва”. На фестываль з’язджаліся з розных гарадоў Беларусі. Lidbeer стаў пляцоўкай як для вядомых, так і для беларускіх музыкаў-пачаткоўцаў.

У 2015 годзе на сцэне Lidbeer выступілі беларускія гурты “Стары Ольса”, “Без Билета” і J:MORS. Праз год на фестывалі выступілі Trubetskoy, Neuro Dubel і БІ-2. У 2017 годзе на Lidbeer выступалі «Петля Пристрастия» і «Крамбамбуля», прыязджаў таксама ўкраінскі гурт «Океан Ельзи».

У 2018 годзе хэдлайнерам фестывалю стаў расійскі гурт «Ленінград». З беларускіх музыкаў выступаў гурт Nizkiz. Традыцыя запрашаць расійскія калектывы ў якасці галоўных гасцей фестывалю працягнулася і ў 2019 годзе. Тады на Lidbeer выступілі Элджэй, “Сплін” і “Чайф”. На сцэну выйшлі і беларусы: “Molchat Doma” і Akute.

У 2024 замест Lidbeer правялі «Харчфэст», арганізаваны лідскім райвыканкамам. Хэдлайнерам фестывалю выступіла Вольга Бузава.

Чытайце таксама: «На жаль, месцаў няма». Паспрабавалі забраніраваць жытло ў Лідзе на «ХарчФэст» з Бузавай — аказалася, ажыятаж ёсць