Фестываль Lidbeer пройдзе ў Лідзе 13 верасня. Білеты на яго ўжо ў продажы. Сярод хэдлайнераў - расійскія выканаўцы і беларускі інды-гурт. У мінулым годзе замест Lidbeer правялі «ХарчФэст».

У праграме фестывалю: фуд-корты, зоны для адпачынку і горад майстроў - кірмаш, дзе можна купіць ручныя вырабы.

Галоўная сцэна фестывалю будзе знаходзіцца на Дажыначнай плошчы. У афішы — Юлія Савічава, Антон Токараў (фіналіст праектаў «Голас» і «Comedy Батл») і Аляксандр Пушной (былы ўдзельнік «КВН» і тэлевядучы). Таксама выступіць мінскі інды-гурт «Барысаўскі тракт». Гурт грае ў жанры рэтра-року, а пры напісанні песень натхняецца Мінскам. Сваю творчасць удзельнікі апісваюць як «музычную эклектыку».

Фестываль пачнецца ў 11.00. Білет з доступам да галоўнай сцэны каштуе 69,95 руб. Білет у VIP-зону абыдзецца ў 215 руб. Ён дае ўваход у асобную лаунж-зону з фуд-кортам, а таксама доступ у «эксклюзіўны бар, кальянную зону і да станцыі з зараднымі». Ежа, напоі і кальян не ўключаны ў кошт білета.

Ад «Крамбамбулі» да «Ленінграда»: як мяняўся Lidbeer

Lidbeer з’явіўся ў 2015 годзе як сацыяльны праект «Лідскага піва». На фестываль з’язджаліся з розных гарадоў Беларусі. Lidbeer стаў пляцоўкай як для вядомых, так і для беларускіх музыкаў-пачаткоўцаў.

У 2015 годзе на сцэне Lidbeer выступілі беларускія гурты «Стары Ольса», «Без Билета» і J: MORS. Праз год на фестывалі выступілі Trubetskoy, Neuro Dubel і БІ-2. У 2017 годзе на Lidbeer выступалі «Петля Пристрастия» і «Крамбамбуля», прыязджаў таксама ўкраінскі гурт «Океан Ельзи».

У 2018 годзе хэдлайнерам фестывалю стаў расійскі гурт «Ленінград». З беларускіх музыкаў выступаў гурт Nizkiz. Традыцыя запрашаць расійскія калектывы ў якасці галоўных гасцей фестывалю працягнулася і ў 2019 годзе. Тады на Lidbeer выступілі Элджэй, «Сплін» і «Чайф». На сцэну выйшлі і беларусы: «Molchat Doma» і Akute.

У 2024 замест Lidbeer правялі «Харчфэст», арганізаваны лідскім райвыканкамам. Хэдлайнерам фестывалю выступіла Вольга Бузава.

Чытайце таксама: «На жаль, месцаў няма». Паспрабавалі забраніраваць жытло ў Лідзе на «ХарчФэст» з Бузавай — аказалася, ажыятаж ёсць