Карту славутасцяў Гродна, канцэпцыяй і распрацоўкай якой займаўся партал Hrodna.life і якую прэзентавалі ў 2018 годзе, надрукавалі на шоперы. Аднак без згоды аўтаркі ілюстрацыі.
Гродзенская дызайнерка Вольга Новік апублікавала фатаграфію сумкі ў сябе ў Instagram. Яна адзначыла, што вытворца выкарыстаў малюнак без яе дазволу.
«Класна, што мая праца не губляе актуальнасці праз 8 год. Але камуніздзіць чужую працу і зарабляць на ёй — зусім не класна», — напісала яна ў сацсетках.

Шопер з картай прадаецца ў краме «Беларускі лён» ў мікрараёне Фарты. Згодна з этыкеткай, сумку вырабіла фабрыка «Брионика» з Мастоў. Яна з 2020 года займаецца вытворчасцю вырабаў з нятканых матэрыялаў.

Кампанія пазіцыянуе свае шоперы як экалагічную замену пластыкавым пакетам і прапануе іх вытворчым кампаніям і гандлёвым сеткам з магчымасцю нанясення розных малюнкаў.
Карта-трансформер, надрукаваная ў 2018 годзе, была выдадзена на чатырох мовах — беларускай, рускай, польскай і англійскай. Яе асаблівасцю было тое, што ў складзеным выглядзе яна ператваралася ў мініяцюрную копію палаца Сапегаў. Мініяцюра заснавана на гравюры XVII стагоддзя. Стваральнікі буклета казалі, што гэта іх першы падобны вопыт. Таму і часу на распрацоўку карты спатрэбілася шмат.
Выпуск турыстычнага трансформера падтрымалі мясцовыя прадпрымальнікі, тыраж склаў 4000 асобнікаў. Яна распаўсюджвалася бясплатна праз турысцка-інфармацыйны цэнтр Гродна, а таксама ў кафэ і іншых папулярных месцах сярод турыстаў.