У 500-летнім храме-крэпасці ў Мураванцы з’явіліся расколіны на скляпеннях на вышыні 12 метраў. Прыход самастойна вырашыць праблему не можа з-за адсутнасці фінансаў. Ды і па законе займацца рамонтам у старадаўняй царкве нельга — храм адносіцца да нулявой катэгорыі, гэта значыць мае статус аб’екта гісторыка-культурнай каштоўнасці, уключанага ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Аб праблеме распавядае news.by.
Настаяцель прыходу храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы іерэй Алег Засім распавёў, што тынкоўка на 12-метровай вышыні растрэклаася. Невядома, ці гэта павярхоўныя пашкоджанні або расколіны закранаюць і самі скляпенні. Для таго каб высветліць маштаб пашкоджанняў, неабходныя лабараторныя даследаванні.
— Трэба зразумець, у якім яна стане <апынулася> за мінулыя 200 гадоў. Калі няма адслаення, то ўсё роўна трэба гэтыя расколіны старанна затынкаваць, старанна зашпакляваць. Сама столь ужо чорная. Вы бачыце, у якім яна стане. Самі бяліць яе мы не можам ніяк, — кажа святар.

Цяпер парафія, архітэктары і прадстаўнікі Гродзенскай дыяцэзіі ў пошуках спонсараў, якія маглі б аплаціць і даследаванні, і працу спецыялістаў па рэстаўрацыі святыні.
Таксама, па словах настаяцеля, у храме не хапае вентыляцыі і сучаснай электраправодкі, але на гэта пакуль грошай таксама няма.
Свята-Раства-Багародзіцкая царква, вядомая як Мураванка (па назве вёскі) — помнік абарончага дойлідства. Была збудаваная паміж 1516 і 1542 гг. Мае стылявыя адзнакі беларускай готыкі з элементамі рэнесансу. Моцна пацярпела ў войнах XVII-XVIII ст., была ў запусценні. У XIX ст. перажыла капітальны рамонт, у 1920-я гады дзейнічала як касцёл. У 1989 годзе царкву вярнулі праваслаўным вернікам.
Дарэчы, ў 2022 годзе храм атрымаў грант ад дзяржавы на рэстаўрацыйна-кансервацыйныя работы. На рамонт Мураванкі накіравалі 550 тысяч рублёў. Рэстаўрацыю пачалі восенню 2022 года. Яна ўключала ў сябе абнаўленне фасадаў: пераклалі, дзе гэта патрабавалася, цэглу, знялі больш познія пласты фарбы, а таксама парамантавалі медны дах і замянілі вадасцёкавую сістэму.

Таксама вакол храма пабудавалі агароджу. Яе ўзвядзенне прымеркавалі да 500-годдзя святыні. Але для гэтага вакол храма спілавалі дрэвы, а новыя на тэрыторыі высаджваць не планавалі. Хоць дрэвы вакол царквы ў Мураванцы былі яе традыцыйным ландшафтам. Зялёныя насаджэнні адлюстраваныя на фотаздымках пачатку XX стагоддзя: на іх храм-крэпасць акружаны высокімі дрэвамі.

Як пісала Наша Ніва, радыкальнае змяненне ландшафту не вітаецца Камітэтам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Спілаваныя дрэвы вакол царквы ў Мураванцы могуць стаць сур’ёзнай прычынай для адмовы ў прысваенні ёй такога статусу.
У 2009 годзе з спісу ЮНЕСКА была выключаная Дрэздэнская даліна Эльбы, прызнаная Сусветнай спадчынай у 2006 годзе. Прычынай выключэння стала ўсяго толькі будаўніцтва маста, які, на думку Камітэта, «разбурыў культурны ландшафт».