У Лідзе адбылася прэзентацыя першага ў рэгіёне тытульнага турыстычнага маршруту «Месцы сілы на Лідчыне». Распрацоўка маршруту была выканана па замове Нацыянальнага агенцтва па турызме. Характэрна, што кошт прэзентацыі апынуўся вышэй за выдаткі на распрацоўку.
Новы турыстычны маршрут па Лідчыне прадстаўнікам турыстычнага бізнэсу прэзентавала Нацыянальнае агенцтва па турызме.
«Месцы сілы на Лідчыне» — гэта першы тытульны маршрут у Лідскім раёне, паведаміла дырэктарка Лідскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Наталля Сліўкіна. Гэта значыць, што ён павінен стаць асноўным маршрутам, «візітнай карткай» Лідчыны. Маршрут у асноўным закранае заходнюю частку рэгіёну. Рыхтаваўся ён да Дня пісьменства, які пройдзе ў Лідзе ў верасні. Сам маршрут модульны — яго можна пачынаць з розных кропак.
У яго, напрыклад, уваходзяць касцёл Святога Міхаіла Архангела ў Белагрудзе, сядзіба ў Маўросаў-Грабоўскіх у Тарнова, Крыжаўзвіжанская царква і камень-следавік ў вёсцы Бабры, царква ў Голдава, касцёл у Ваверцы, сядзіба Грабоўскіх ў вёсцы Дзікушкі, сядзіба сядзіба Ромэраў-Брахоцкіх і спіртзавод у Мажэйкава, а таксама помнікі. Напрыклад, мірным жыхарам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Леснікі.
Поўны маршрут разлічаны на 10 гадзін — з 9 раніцы да 19 вечара, з абедам і вячэрай па маршруце. Яго могуць выкарыстоўваць у сваёй працы экскурсаводы, якія працуюць з групамі, а таксама індывідуальныя турысты.
Прэзентацыя маршрута: 709,39 рублёў — на экскурсію, 2400 — на транспарт
Распрацоўшчыка маршрута Нацыянальнае агенцтва па турызме шукала праз сайт дзяржаўных закупак. Кошт складання маршруту вагаўся: ад 1 987,41 рубля ў траўні да 1 730 рублёў у чэрвені. Пры гэтым ва ўмовах тэндэру зазначалася, што распрацоўка экскурсіі павінна быць выканана на рускай мове.
Каб прэзентаваць маршрут, у Лідзе быў арганізаваны выязны семінар, прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства. Прадстаўнікі турыстычнай галіны праехалі па скарочаным варыянце маршруту. Завяршылася мерапрыемства круглым сталом «Прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу горада Ліды і Лідскага раёна».
На правядзенне экскурсіі ў рамках семінара было выдзелена 709,39 рубля, на транспартнае абслугоўванне ўдзельнікаў — 2 400 рублёў.