Пандус з’явіцца на Юбілейным возеры. З яго дапамогай людзі з інваліднасцю могуць бяспечна спускацца ў ваду. Падобных канструкцый у Гродне пакуль няма — водны пандус стане першым у горадзе, паведамляе «Гродно Плюс».

Дзе ў Гродне ёсць безбар’ернае асяроддзе?

У 2021 годзе валанцёры на інвалідных калясках пратэсціравалі кафэ на дасяжнасць асяроддзя. З дзевяці кавярняў інклюзіўнымі аказаліся менш за палову. Патрапіць ва ўмоўна даступныя ўстановы можна было альбо з дапамогай мінакоў, альбо пасля званка супрацоўнікам кавярні, каб яны дапамаглі заехаць на пандус.

У сакавіку 2023 «Гроднажылбуд» стала першай арганізацыяй у краіне, якая вырашыла перавесці офісныя памяшканні, абсталяваныя пад’ёмнікамі, у кватэры. Для пераводу выбралі тры офісы, якія знаходзіліся ў жылых дамах на вуліцы Багушэвіча і ў Альшанцы.

Пры другой чарзе рэканструкцыі Старога замка ў 2024 вырашылі надаць увагу безбар’ернаму асяроддзю. Праект прадугледжваў пад’ёмнікі і пандусы. Частка экспанатаў зрабілі тактыльна даступнымі для наведвальнікаў з аслабленым зрокам.

Перад закрыццём замка на рамонт у 2019 годзе ў музеі хацелі арганізаваць безбар’ернае асяроддзе. Але пасля першага этапа рэканструкцыі ў 2021 годзе трапіць да экспазіцыі людзям з інваліднасцю было цяжка. Пандусаў, ліфтаў і пад’ёмнікаў не было. Каб трапіць у асобную залу, дзе расказваюць пра гісторыю замка, даводзілася шукаць тых, хто дапаможа падняцца па прыступках.

Чытайце таксама: Што такое ўстойлівы горад? Як бяспека, інклюзія і падкасты дапамагаюць беларускім гарадам рабіцца лепшымі