Гродзенец Дзмітрый Вашкевіч праводзіць чайныя цырымоніі і ёгу на Юбілейным возеры і рацэ Ласасянцы. Мужчына вырашыў, што сплавы на сапбордзе па рацэ гараджанам ужо надакучылі - і разнастаіў фармат адпачынку.
Дзмітрый набыў спецыяльную платформу для вады. Яна аб’ядноўвае некалькі сапбордаў (дошка для плавання стоячы) і не дае плыні іх унесці. Атрымліваецца імправізаваная водная паляна.
Для ўдзельнікаў Дзмітрый ладзіць чайную цырымонію. Напой выбіраюць усёй кампаніяй — ёсць тры віды гарбаты. Пасля — сам сплаў. Ёсць ранішнія і вячэрнія «сеансы». У Instagram Дзмітрый адзначае: перад сплавам трэба добра паесці, каб былі «сілы на працяглы адпачынак». Кошт мерапрыемства — 60 руб.


Таксама гродзенец праводзіць «сап-рэлакс» — ёгу на воднай платформе. Удзельнікі медытуюць пад гукі тыбецкіх чашаў. На адну сесію можа запісацца да 8 чалавек, каштуе ёга 80 руб. з чалавека.
Дзмітрый адзначае, што яго бізнэс — сезонны. Працаваць можна толькі ўлетку і ў добрае надвор’е. Затое нізкая канкурэнцыя. Па словах гродзенца, у іншых сэрвісаў па арэндзе лодак такіх платформ няма.
Чытайце таксама: Паплаваць на сапбордах, учыніць водны бой і пакінуць пасланне незнаёмцу. Што можна паспець зрабіць да канца лета