Да 80-годдзя Дня Перамогі грошы з гарадскога бюджэту патрацілі на рамонт помнікаў і мемарыялаў. Дадатковых сродкаў на ўсталяванне памятнага знака чарнобыльскім ліквідатарам пакуль няма. Аб гэтым старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў паведаміў час стрыму, прысвечанага адказам на пытанні гродзенцаў.
Устаноўка знака «не ўяўляецца магчымай»
Гараджанін Уладзімір пацікавіўся, ці ёсць магчымасць да 40-й гадавіны катастрофы на ЧАЭС устанавіць памятны знак ліквідатарам.
Караеў адказаў, што рэсурсы гарадскога бюджэту і спонсарскай дапамогі накіравалі на святкаванне 80-годдзя Дня Перамогі. Устанавілі памятны знак ахвярам генацыду ў Фолюшы і добраўпарадкавалі брацкую магілу ў парку Жылібера.
У горадзе і далей будуць рэканструяваць месцы, звязаныя з «баявой і воінскай славай Гродна». Дадатковых крыніц фінансавання ва ўладаў няма, таму «стварэнне памятнага знака героям-ліквідатарам наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС не ўяўляецца магчымым», заявіў Караеў.
Ліквідатары гатовы самі прафінансаваць устаноўку знака
Да Караева ўжо звярталіся з просьбай устанавіць памятны знак у Гродне да 40-годдзя з дня аварыі. Ініцыятыва зыходзіла ад прадстаўнікоў гродзенскага аб’яднання «Ветэраны Чарнобыля». З чыноўнікам сустракаліся ў сакавіку 2025.
«Мы звярталіся з просьбай аб выдзяленні месца ў горадзе Гродна. Ліквідатары згодныя самі, калі не будзе падтрымкі дзяржавы ці, можа, зрабіць, каб часткова дзяржава дапамагла, бо гэта ж не асабістая трагедыя ліквідатараў, нельга забывацца на такіх людзей. Эскізаў вельмі шмат, прыкладаў вельмі шмат, ёсць на што глядзець, перапрацаваць і падаць», — казаў Рыгор Няплюеў, старшыня гродзенскага аб’яднання «Ветэраны Чарнобыля».
У адказ Караеў заявіў, што да «ліквідатараў Чарнобыля мы адчуваем усю павагу». І дадаў: калі «лішняя капейка ёсць», Лукашэнка ўкладвае яе ў пацярпелыя рэгіёны.
Адзіны знак у вобласці ўсталяваны ў Бераставіцы
Падчас аварыі на Чарнобыльскай АЭС 113 пажарных Гродзенскай вобласці адправілі ліквідаваць наступствы. Цяпер у Гродне і вобласці пражывае больш за 3,5 тыс. людзей, якія пацярпелі ад катастрофы.
Адзіны ў вобласці памятны знак ліквідатарам аварыі на ЧАЭС устаноўлены ў парку ў Вялікай Бераставіцы.
Чытайце таксама: Асаблівага статуса ў Новага Света не будзе. Якія пытанні аб інфраструктуры горада гродзенцы задалі Караеву?